малаво́пытны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае дастатковага вопыту. Адна справа для маладога малавопытнага літаратара пісаць аб інтэлігенцыі, .. аб людзях, схільных да самааналізу, і зусім другая — аб людзях працы, з дзяцінства блізкіх яму. Адамовіч.
малавы́вучаны, ‑ая, ‑ае.
Недастаткова вывучаны, недастаткова даследаваны. Малавывучаная мясцовасць. Малавывучаная з’ява.
малавы́гадны, ‑ая, ‑ае.
Недастаткова выгадны. Малавыгадны занятак.
малавыра́зны, ‑ая, ‑ае.
Які недастаткова яскрава адлюстроўвае ўнутраны стан, якасць чалавека (пра вочы, выраз твару і пад.). Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Колас. // Які недастаткова ярка перадае што‑н. Малавыразная мова.
малавядо́мы, ‑ая, ‑ае.
Недастаткова вядомы, вядомы толькі некаторым. Андрэй і Санкоўскі дайшлі да парку і звярнулі направа ў ціхую, здаецца, малавядомую вуліцу. Пестрак.
мала́га, ‑і, ДМ ‑лазе, ж.
Сорт дэсертнага лікёрнага вінаграднага віна.
[Ісп. málaga ад геагр. назвы.]
малагабары́тнасць, ‑і, ж.
Спец. Уласцівасць малагабарытнага. Малагабарытнасць машыны.
малагабары́тны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае малыя габарыты. Малагабарытная кватэра. Малагабарытная машына.
малагрунто́ўны, ‑ая, ‑ае.
Недастаткова грунтоўны, абгрунтаваны. Малагрунтоўныя доказы.
маладажо́н, ‑а, м.
Мужчына, які нядаўна ажаніўся. Сакалоў быў усяго з год як жанаты, і .. сябры па санаторыю .. звалі яго маладажонам. Васілевіч.