мазо́к, ‑зка, м.
1. Адзін рух пэндзля пры накладанні фарбы, а таксама слой фарбы, накладзены такім спосабам. Кожны мазок, пакладзены на палатно, сведчыў аб паспешлівасці аўтара. Асіпенка. // перан. Штрых, мастацкая дэталь. Сябра .. ні разу яшчэ не расшчодрыўся на .. расказ [пра падполле]. Так зрэдку кідаў некалькі мазкоў, эпізодаў, дэталей. Шамякін.
2. Тонкі слой вадкага выдзялення (слізі, крыві і пад.), нанесены на шкло для мікраскапічнага даследавання.
мазо́лістасць, ‑і, ж.
Уласцівасць мазолістага; наяўнасць мазалёў.
мазо́лісты, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты мазалямі; з мазалямі. Сяляне рушылі да стала і мазолістымі загрубелымі пальцамі выводзілі свае прозвішчы ці проста стаўлялі крыжыкі, а нарэшце паперу замацаваў пячаццю стараста Бабіч. Колас. Аксіння працягнула да Евы рукі: былі яны парэпаныя, мазолістыя ад цяжкай работы. Асіпенка.
мазо́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.
Разм. Націраць мазалі доўгай работай або хадзьбой. Дзён два мазоліў [Бірук] далоні рыдлёўкай — раўняў гліняны дол. Кулакоўскі.
•••
Мазоліць вочы каму — дакучаць, назаляць пастаяннай прысутнасцю. Мужчыны выйшлі на двор. Абіваючы росную націну, пайшлі па градах да рова, каб не вельмі мазоліць людзям вочы. Асіпенка.
Мазоліць язык — упустую, дарэмна гаварыць.
мазо́ль, мазаля, м.
Патаўшчэнне скуры ці пухір з вадкасцю на руках або на нагах ад працяглага трэння. Нацерці мазоль. Крывавы мазоль. □ Дзякуй рупным рукам, што заўжды ў мазалях, без якіх каласам не звінець у палях! А. Вольскі.
•••
Касцявы мазоль — касцявая нарасць на месцы зрашчэння косці пасля пералому і інш. пашкоджанняў.
Жыць з мазаля гл. жыць.
Наступіць на (любімы) мазоль гл. наступіць.
мазо́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мазаля. Мазольны пластыр.
2. Тое, што і мазолісты. — Я сам працаўнік, І мазольныя маю я рукі. Гурло.
мазу́рачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мазуркі 1. Мазурачны матыў.
мазу́рка 1, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Польскі нацыянальны танец з трохдольным тактам, а таксама музыка да гэтага танца. Пальцы Скашынскага забарабанілі па стале жвавей. Яны выстуквалі лёгкі матыў мазуркі. Чарнышэвіч. // Музычны твор у рытме гэтага танца. Мазуркі Шапэна.
[Ад польск. mazurek.]
мазу́рка 2,
гл. мазуры.
мазу́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мазураў. Мазурскае насельніцтва.