літарату́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мастацкай літаратуры. Літаратурная спадчына. Літаратурны твор. // Які мае адносіны да вывучэння літаратуры, літаратур. Літаратурны гурток. Літаратурны інстытут. // Які мае адносіны да якога‑н. твора мастацкай літаратуры, узяты з якога‑н. твора мастацкай літаратуры. Літаратурны вобраз. Літаратурны герой.
2. Які звязаны са стварэннем мастацкіх, крытычных і публіцыстычных твораў. Літаратурная праца. □ Літаратурная дзейнасць Змітрака Бядулі пачалася ў пачатку дваццатага стагоддзя. Каваленка.
3. Які мае адносіны да літаратараў; пісьменніцкі. Літаратурнае асяроддзе.
4. Які адпавядае нормам, замацаваным у пісьменнасці, літаратуры. Літаратурны стыль. Літаратурнае вымаўленне.
•••
Літаратурнае чытанне гл. чытанне.
Літаратурная мова гл. мова.
Літаратурны фонд гл. фонд.
літарату́ршчына, ‑ы, ж.
Неадабр. Дрэнны мастацкі густ, што выяўляецца ў вычварнасці стылю, адсутнасці прастаты ў мове, выкладзе думак.
лі́тарны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да літары, літар, уласцівы ім. Літарнае абазначэнне.
2. Абазначаны літарай, а не лічбай. Тэатральная літарная ложа.
літасфе́ра, ‑ы, ж.
Верхняя цвёрдая абалонка зямнога шара.
лі́тасцівасць і літасці́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць літасцівага.
лі́тасцівы і літасці́вы, ‑ая, ‑ае.
Схільны да літасці; спачувальны, спагадлівы. Літасцівае сэрца. □ Жыццё ўсяму навучыць: Ад шчасця да бяды — Адзін, як кажуць, крок, І ад яе мы не застрахаваны... Дык ад гаротніка не адварочвайся убок, Будзь літасцівы, чалавечны і гуманны! Валасевіч.
•••
Божа (божачка) літасцівы! гл. бог.
лі́тасць, ‑і, ж.
Добрыя, велікадушныя адносіны. Давалі людзі ёй дарады, Куды схадзіць, каго спытаць. Хадзіла, мер[а]ла прысады, Каб літасць, праўду напаткаць. Колас. // Жаласць, спагада. Вялікія светлыя вочы [дзяўчыны] глянулі на мяне з мальбой і страхам, нібы прасілі літасці. Ваданосаў. Вядома, праўленне не дасць ніякай літасці гультаям, раскрадальнікам грамадскага дабра. Паслядовіч. // Памілаванне; міласць. [Сцяпан Іванавіч:] — Пападзешся — літасці не чакай, вораг люты і небяспечны. Новікаў.
•••
Без літасці — а) жорстка, строга, сурова; б) неміласэрна, не шкадуючы. Мучыць кашаль, загрызаюць да смерці камары, без літасці пячэ сонца... Васілевіч.
Здацца на літасць каго гл. здацца.
Мець літасць гл. мець.
Не даваць літасці гл. даваць.
літа́ўры, ‑аў; адз. літаўра, ‑ы, ж.
Ударны музычны інструмент у выглядзе катла, верх якога абцягнуты скурай. Біць у літаўры.
[Ад грэч. poly — многа і taurea — барабан.]
літаўры́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Музыкант, які іграе на літаўрах.
літахрамі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.
Спец. Друкаваць літаграфскім спосабам у фарбах. Літахраміраваць рысунак.