Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дэманстра́тар, ‑а, м.

Той, хто паказвае, дэманструе што‑н.

дэманстраты́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Задзірлівы, знарок падкрэслены. Дэманстратыўны адказ. Дэманстратыўныя паводзіны.

2. Звязаны з дэманстрацыяй (у 5 знач.). — Паслаць групу пад.. камандай [Майбарады] на той бераг. Так? Яна зойдзе ў тыл, нападзе на батарэю... — Наробіць шуму. Пачне дэманстратыўную атаку. Шамякін.

дэманстрацы́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дэманстрацыі (у 1 знач.). Дэманстрацыйная калона. □ [Рыгор] пачаў падбіваць рабочых на рашучасць, на дэманстрацыйнае выступленне. Гартны.

2. Заснаваны на паказе, на дэманстрацыі (у 2 знач.). Дэманстрацыйны метад выкладання. // Прызначаны для дэманстрацыі (у 2 знач.). Дэманстрацыйная зала. Дэманстрацыйныя ўстаноўкі.

3. Тое, што і дэманстратыўны (у 1 знач.). Дзед Піліп змоўк і з дэманстрацыйнай безуважнасцю закурыў сваю.. піпку. Зарэцкі.

дэманстра́цыя, ‑і, ж.

1. Масавае шэсце для выражэння якіх‑н. грамадска-палітычных настрояў. Першамайская дэманстрацыя. Дэманстрацыя пратэсту супроць вайны. □ Рабочыя пачынаюць пераходзіць ад эканамічных стачак да стачак палітычных, да арганізацыі палітычных дэманстрацый пад баявым лозунгам «Далоў самадзяржаўе!». «Полымя».

2. Нагляднае азнаямленне з чым‑н., публічны наказ чаго‑н. Дэманстрацыя кінафільмаў. Дэманстрацыя экспанатаў на выстаўцы. Спалучыць тлумачэнне з дэманстрацыяй доследаў.

3. Дзеянні, учынкі і пад., якія выражаюць пратэст супроць каго‑н.; задзірлівыя паводзіны. Гэта выйшла, як і хацеў таго Гунава, падкрэслена непрыязна. Але Сімон, які зразумеў дэманстрацыю Гунавы, зрабіў такі выгляд, што нічога непрыемнага ў гэтым для сябе не бачыць. Самуйлёнак. Гутарка брала прыкры напрамак. У ёй гучала ўскосная дэманстрацыя супроць Рыгора. Гартны.

4. Праяўленне, сведчанне чаго‑н. Выбары ў Саветы з’яўляюцца велічнай дэманстрацыяй адзінства і згуртаванасці савецкага народа.

5. Ваенная аперацыя, якая мае на мэце адцягнуць увагу праціўніка ад месца галоўнага ўдару.

[Ад лац. demonastratio — паказванне.]

дэманта́ж, ‑у, м.

Разборка машын, станкоў, абсталявання і інш. пры рамонце або перамяшчэнні іх на новае месца.

[Фр. démontage.]

дэманта́жнік, ‑а, м.

Той, хто займаецца дэмантажом.

дэманці́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да дэманціраваць.

дэманці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Зрабіць (рабіць) дэмантаж. Дэманціраваць завод.

[Ад фр. démonter.]

дэмаралізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад дэмаралізаваць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане ўпадку, дэмаралізацыі. Дэмаралізаваная армія. □ Слова «партызаны» лунала над усім гэтым натоўпам напалоханых, дэмаралізаваных людзей. Лынькоў.

дэмаралізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) дэмаралізаваным. Салдаты ўсё больш дэмаралізаваліся, адчайваліся, цэлымі групамі адставалі. Мележ.

2. толькі незак. Зал. да дэмаралізаваць.