сераске́р, ‑а, м.
Галоўнакамандуючы ў старой Турцыі; пазней — ваенны міністр.
[Тур. sarasker.]
сератані́н, ‑у, м.
Біялагічна актыўнае рэчыва, якое рэгулюе абмен рэчываў, дзейнасць нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм.
сератэрапі́я, ‑і, ж.
Метад лячэння інфекцыйнага захворвання шляхам увядзення хвораму антытаксічнай сывараткі.
[Ад лац. serum — сываратка і грэч. therapeia — лячэнне.]
серафі́м, ‑а, м.
У іудзейскай і хрысціянскай міфалогіі — шасцікрылы анёл вышэйшага рангу.
[Ад стараж.-яўр. serāphīm (мн.).]
сербалу́жыцкі, ‑ая, ‑ае.
У выразе: сербалужыцкая літаратура — літаратура лужычан, лужыцкіх сербаў, сербалужычан, заходнеславянскай народнасці ў ГДР.
сербану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да сёрбаць (у 1, 2 знач.).
2. чаго. Разм. З’есці колькі‑н. (чаго‑н. вадкага). Марыля сербанула разоў колькі квашанай капусты з грыбамі-апенькамі, адставіла міску, зноў аб нечым задумалася. «Беларусь».
3. перан.; чаго. Разм. Многа перанесці, зазнаць гора. [Ячны:] — Каб сербануў і ты [Шарэйка] за век таго, што я ці, скажам, бацька твой — таксама прафесарам стаў бы. Брыль. На.. [вайне] Карпенку давялося сербануць ліха, яго параніла. Быкаў.
4. Абл. Сцебануць. Хацеў яшчэ [дзед Купрыян] параіць Васілю ўзяць лейцы ды лепей лейцамі сербануць разы са два, калі.. [Аўгіня] вінавата. Колас. [Дзед:] — Мне лазовы дубчык сербануў па воку. Чорны.
•••
Сербануць лішняга — хапіць (выпіць) занадта многа.
сербія́не, ‑ян; адз. сербіянін, ‑а, м.; сербіянка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. сербіянкі, ‑нак; ж.
Уст. Тое, што і сербы.
сербія́нка 1,
гл. сербіяне.
сербія́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Цыганскі народны танец хуткага тэмпу. Захапіўшы ў першай пары Янка Маньку, Юрка Раю, Даюць дыхту, даюць жару, «Сербіянку», «Польку» шпараць, А гармонік грае, грае. Купала. Тады гралі страданне, кракавяк, .. а смялейшым дзеўкам заказвалі сербіянку. М. Стральцоў.