сербану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да сёрбаць (у 1, 2 знач.).

2. чаго. Разм. З’есці колькі‑н. (чаго‑н. вадкага). Марыля сербанула разоў колькі квашанай капусты з грыбамі-апенькамі, адставіла міску, зноў аб нечым задумалася. «Беларусь».

3. перан.; чаго. Разм. Многа перанесці, зазнаць гора. [Ячны:] — Каб сербануў і ты [Шарэйка] за век таго, што я ці, скажам, бацька твой — таксама прафесарам стаў бы. Брыль. На.. [вайне] Карпенку давялося сербануць ліха, яго параніла. Быкаў.

4. Абл. Сцебануць. Хацеў яшчэ [дзед Купрыян] параіць Васілю ўзяць лейцы ды лепей лейцамі сербануць разы са два, калі.. [Аўгіня] вінавата. Колас. [Дзед:] — Мне лазовы дубчык сербануў па воку. Чорны.

•••

Сербануць лішняга — хапіць (выпіць) занадта многа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)