Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разві́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад развіць (у 1 знач.).

развіты́, а́я, ‑о́е.

1. Які дасягнуў высокай ступені ў сваім развіцці. Развітая прамысловасць. □ Ускраіны .. [нашай краіны] ператварыліся ў культурна развітыя сацыялістычныя рэспублікі. Пшыркоў.

2. Дасканалы ў фізічных і духоўных адносінах. Усебакова развіты падлетак. □ [Юрка Пятровіч:] «Вы, Мікола Сцяпанавіч, — мужчына і з вамі я не буду цацкацца, а скажу ўсё: справа з малой вельмі дрэнная, тым больш таму, што яна-не па гадах развітая, уражлівая, нервовая». Брыль. А ў Мікуцічах сцяг навукі і годнасць «развітога» чалавека трымаліся высока сярод настаўніцтва. Колас. // Які дасягнуў значных памераў, разросся. Пярэдняя частка .. моцнага тулава [зубра], цяжкая і масіўная, здаецца непамерна развітой у параўнанні з задняй, пакрытай карацейшымі і святлейшымі валасамі. В. Вольскі.

3. Усебакова адукаваны, з шырокім кругаглядам. [Варанкову] спадабаўся пагранічнік, які ўсім цікавіўся і быў даволі развіты. Гурскі.

•••

Развіты сацыялізм гл. сацыялізм.

Развіты сказ гл. сказ.

разві́цца, разаўюся, разаўешся, разаўецца; пр. развіўся, ‑лася, ‑лося; заг. развіся; зак.

1. Раскруціцца, расплесціся. Вяроўка развілася. // Разгарнуцца, расправіцца. Збыліся думкі чорнай ночы, Развіўся вольны сцяг. Чарот.

2. Распусціцца (пра пупышкі, кветкі і пад.). У выніку многіх турбот дубок ажыў і наступнаю вясною добра развіўся, хоць і з пэўным спазненнем. Лужанін. Тады каза разжывецца, як куст разаўецца. Прыказка.

3. Відазмяняючыся, знаходзячыся ў працэсе росту, дасягнуць вышэйшай або пэўнай стадыі развіцця. Усходы добра развіліся з восені. □ За такое нядоўгае і халоднае лета драўняныя расліны не паспяваюць развіцца. Гавеман. // Скласціся, узнікнуць. За доўгую практыку ў .. [Эміліі] развілася такая інтуіцыя, што ў дзевяноста выпадках яна трапляла акурат на такіх людзей, з якімі можна было дагаварыцца. Маўр.

4. Прыняць шырокі размах, набыць вялікае значэнне. Торфабрыкетны завод «Лукскае» узнік, развіўся на вачах Гаўрылкіна. «Звязда». // Паступова ўзмацняючыся, павялічваючыся, дайсці да значнай ступені.

развіццё, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. развіваць — развіць (у 2, 3 і 4 знач.) і стан паводле дзеясл. развівацца — развіцца (у 2, 3 і 4 знач.).

2. Працэс пераходу з аднаго стану ў другі, больш дасканалы. Гістарычнае развіццё. □ Універсальная таленавітасць Мікельанджэла ці Леанарда да Вінчы падрыхтавана была ўсім папярэднім развіццём чалавека, яго рукі і мозга. Адамовіч. З абвастрэннем класавых супярэчнасцей, развіццём грамадскай думкі ў жніўных песнях з’явіліся матывы сацыяльнага пратэсту, народ пачынае адкрыта выказваць сваю нянавісць да эксплуататараў-прыгоннікаў. Саламевіч.

3. Ступень духоўнай і разумовай сталасці, шырыня кругагляду. Амаль шэсць гадоў быў я спеваком у хоры Тэраўскага, і гэта адыграла вялікую ролю ў маім развіцці. А. Александровіч.

разві́ць, разаўю, разаўеш, разаўе; разаўём, разаўяце; пр. развіў, ‑віла, ‑віло; заг. разві; зак., што.

1. Раскруціць, расплесці што‑н. звітае, завітае. Развіць вяроўку. □ І лёгкі вецер бестурботна Развіў завітую касу. Глебка.

2. Давесці да высокай ступені, высокага ўзроўню, найбольшай сілы. Развіць машынабудаванне. □ Але .. [Васіль Макаравіч] і сам адчуваў, бачыў па ўсім, што вораг развіў шалёную актыўнасць, што партызанам давядзецца вынесці нечуваныя цяжкасці. Шчарбатаў. // Паспрыяць узнікненню і ўмацаванню (якіх‑н. якасцей, уласцівасцей). Развіць любоў да роднага слова. Развіць апетыт. // Распачаць што‑н. у вялікіх памерах, шырока разгарнуць. Развіць бурную дзейнасць. // Паступова павялічваючы, давесці да значнай ступені. Самалёт развіў вялікую хуткасць.

3. Даць магчымасць раскрыцца духоўным і разумовым здольнасцям каго‑н., пашырыць кругагляд. Заняткі па музыцы развіваюць здольнасці дзяцей. □ [Шулевіч:] Трэба пажыць у горадзе, павучыцца, развіць і ўзброіць прыродны свой розум, тады і ў глушы не страшна. Колас.

4. Пашырыць, паглыбіць змест або ўжыванне чаго‑н. Развіць тэму. Развіць традыцыі. □ Пасля смерці Н. Маркса і Ф. Энгельса іх справу працягнуў У.І. Ленін, які развіў марксізм у новых гістарычных умовах. «Звязда».

развішча́цца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑тачыцца; зак.

Пачаць доўга і моцна вішчаць.

разво́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разводзіць — развесці (у 1–3 і 5 знач.).

2. Спец. Агляд і размеркаванне па пастах вайсковых падраздзяленняў, прызначаных у каравул. Удвух усё агледзелі, што трэба агледзець пры здачы дзяжурства, .. зрабілі развод каравулаў, і чырвоная павязка з белым надпісам апынулася на рукаве Макарава. Алешка.

3. Скасаванне шлюбу. [Павалковіч:] — Якім можа быць мужам табе [Тані] вечны арыштант? Мы наладзім развод. Машара.

4. Прыстасаванне, якое дазваляе падоўжыць павозку, драбіны і пад. Драбіны з разводам. // толькі мн. (разво́ды, ‑аў). Разм. Разведзеныя калёсы. Юрка ўспомніў, што браканьеры — два мужчыны на разводах — не ездзяць болей .. у Сырніцу. Пташнікаў.

5. Нахіл зубоў пілы ў процілеглыя бакі адносна яе плоскасці. — Не пацягнуць [пілы]. Мусім па два разы рабіць. — Развод малаваты, — растлумачыў Вежавец. Грахоўскі.

•••

На развод — а) з мэтай развесці, размножыць (пакідаць, даваць каго‑, што‑н.); б) вельмі мала.

разво́ддзе, ‑я, н.

Веснавая вада, вясенні разліў. Часамі на перавалах, дзе разводдзе бушавала з нястрыманаю сілай і кідала лодку, як трэску, прыходзілася налягаць на вясло, каб выбрацца з небяспечных віроў. Колас. — Разводдзе зрабіла гэты лес востравам, на якім павінны ратавацца ўсе жывёлы, што жывуць у гэтых мясцінах. Маўр.

разво́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

1. Незак. да развесціся.

2. Зал. да разводзіць.

разво́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.

Незак. да развесці.

•••

Разводзіць антымоніі — весці пустыя, непатрэбныя размовы.

Разводзіць каніцель — тое, што і цягнуць каніцель (гл. цягнуць).

Разводзіць філасофію — адцягнена і шматслоўна разважаць.

разво́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Інструмент для развядзення зубоў пілы.

2. Абл. Разведзеная з мужам жанчына. [Брыгадзір:] — Жыве тут адна разводка. У краме працуе. Маладая, без дзяцей. Навуменка.

3. Спец. Вадкая сумесь; раствор. Вадкая разводка бактэрый.