разві́ць, разаўю, разаўеш, разаўе; разаўём, разаўяце; пр. развіў, ‑віла, ‑віло; заг. разві; зак., што.

1. Раскруціць, расплесці што‑н. звітае, завітае. Развіць вяроўку. □ І лёгкі вецер бестурботна Развіў завітую касу. Глебка.

2. Давесці да высокай ступені, высокага ўзроўню, найбольшай сілы. Развіць машынабудаванне. □ Але .. [Васіль Макаравіч] і сам адчуваў, бачыў па ўсім, што вораг развіў шалёную актыўнасць, што партызанам давядзецца вынесці нечуваныя цяжкасці. Шчарбатаў. // Паспрыяць узнікненню і ўмацаванню (якіх‑н. якасцей, уласцівасцей). Развіць любоў да роднага слова. Развіць апетыт. // Распачаць што‑н. у вялікіх памерах, шырока разгарнуць. Развіць бурную дзейнасць. // Паступова павялічваючы, давесці да значнай ступені. Самалёт развіў вялікую хуткасць.

3. Даць магчымасць раскрыцца духоўным і разумовым здольнасцям каго‑н., пашырыць кругагляд. Заняткі па музыцы развіваюць здольнасці дзяцей. □ [Шулевіч:] Трэба пажыць у горадзе, павучыцца, развіць і ўзброіць прыродны свой розум, тады і ў глушы не страшна. Колас.

4. Пашырыць, паглыбіць змест або ўжыванне чаго‑н. Развіць тэму. Развіць традыцыі. □ Пасля смерці Н. Маркса і Ф. Энгельса іх справу працягнуў У.І. Ленін, які развіў марксізм у новых гістарычных умовах. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)