разві́цца, разаўюся, разаўешся, разаўецца; пр. развіўся, ‑лася, ‑лося; заг. развіся; зак.

1. Раскруціцца, расплесціся. Вяроўка развілася. // Разгарнуцца, расправіцца. Збыліся думкі чорнай ночы, Развіўся вольны сцяг. Чарот.

2. Распусціцца (пра пупышкі, кветкі і пад.). У выніку многіх турбот дубок ажыў і наступнаю вясною добра развіўся, хоць і з пэўным спазненнем. Лужанін. Тады каза разжывецца, як куст разаўецца. Прыказка.

3. Відазмяняючыся, знаходзячыся ў працэсе росту, дасягнуць вышэйшай або пэўнай стадыі развіцця. Усходы добра развіліся з восені. □ За такое нядоўгае і халоднае лета драўняныя расліны не паспяваюць развіцца. Гавеман. // Скласціся, узнікнуць. За доўгую практыку ў .. [Эміліі] развілася такая інтуіцыя, што ў дзевяноста выпадках яна трапляла акурат на такіх людзей, з якімі можна было дагаварыцца. Маўр.

4. Прыняць шырокі размах, набыць вялікае значэнне. Торфабрыкетны завод «Лукскае» узнік, развіўся на вачах Гаўрылкіна. «Звязда». // Паступова ўзмацняючыся, павялічваючыся, дайсці да значнай ступені.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)