Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

маладзі́к, ‑а, м.

Месяц у першай квадры. Ужо стаяў поўны вечар. Паднімаўся маладзік. Чорны. Празрысты, як ільдзінка, сярпок маладзіка раставаў на небе. Хомчанка.

маладзіко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да маладзіка. Маладзіковая квадра. □ Кожны месяц пастае маладзік перад нядзеляю, — маладзіковай празываецца тая нядзеля. Баранавых.

маладзіко́м, прысл.

Разм. Калі настане маладзік, у перыяд маладзіка.

маладзі́ца, ‑ы, ж.

Маладая замужняя жанчына. У вішнёвым садку каля хаты Маладзіцы й дзяўчаты Засцілалі сталы ў халадочку. Бялевіч.

маладзі́цца, ‑джуся, ‑лодзішся, ‑лодзіцца; незак.

Прымаць захады, каб выглядаць больш маладым. Хоць .. [пані Адэлі] было ўжо далёка за сорак і ўдавіца добра такі раздалася ў стане, яна яшчэ маладзілася і паглядала на мужчын. Машара.

маладзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; незак., каго-што.

Надаваць больш малады выгляд. Гадоў .. [рыбаку] было можа трыццаць з гакам, але твар быў да чарнаты загарэлы і гладка паголены, і гэта прыкметна маладзіла яго. Чыгрынаў. Цёплы духмяны вецер .. малодзіць шчокі і весела плюшчыць вочы. Брыль.

маладзічо́к, ‑чка, м.

Ласк. да маладзік. За .. [хмарамі] то хаваўся, то выбліскваў тоненькі халодны маладзічок. Грахоўскі.

маладня́к, ‑у, м.

1. Маладыя жывёлы, птушкі. Яны, пяцікласнікі, узялі шэфства над калгасным маладняком, будуць жарабят даглядаць. Курто.

2. Малады лес. Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць, уступаючы сваё месца маладняку. В. Вольскі.

3. зб. Разм. Маладыя людзі, моладзь. Нас не любяць, нас баяцца Поп кудлаты і кулак, Бо рашыў за працу ўзяцца Камсамольска маладняк. Крапіва.

маладо́йны, ‑ая, ‑ае.

Які дае мала малака; малаўдойны. Маладойная карова.

маладо́казны, ‑ая, ‑ае.

Недастаткова доказны; малапераканаўчы. Маладоказны аргумент.