рэквізі́тар, ‑а, м.
Той, хто адказвае за рэквізіт (у 1 знач.). Я хутка пазнаёміўся з касцюмерамі, што апраналі мяне на спектаклях, з грымёрам і з рэквізітарам. Рамановіч.
рэквізі́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэквізіту. Рэквізітны цэх.
рэквізіцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэквізіцыі. Рэквізіцыйная квітанцыя. // Які прызначаецца, служыць для рэквізіцыі. А немцаў і ў Ключыку хапала, бо там месціўся рэквізіцыйны пункт. Гарэцкі.
рэквізі́цыя, ‑і, ж.
Прымусовае адчужэнне або часовая канфіскацыя органамі дзяржаўнай улады маёмасці, якая належыць асобным грамадзянам ці грамадскім арганізацыям. У 1918 годзе Народнаму Камісарыяту маёмасцей маладой Савецкай рэспублікі была даручана рэквізіцыя і захаванне ўсіх прыватных калекцый і збораў мастацкіх каштоўнасцей. «Маладосць».
[Ад лац. requisitio — патрабаванне.]
рэкла́ма, ‑ы, ж.
1. Мерапрыемствы, якія праводзяцца для таго, каб стварыць шырокую вядомасць каму‑, чаму‑н., прыцягнуць спажыўцоў, пакупнікоў, гледачоў. Задумана гэта [набыць мядзведзяў] было ў камерцыйных мэтах, дзеля рэкламы, каб прыцягнуць у пушчу багатых і вяльможных паляўнічых. В. Вольскі. — Лепшая рэклама, — заявілі.. [работнікі прылаўка], — гэта тавары высокага класа. «Звязда». // Распаўсюджанне звестак пра каго‑, што‑н., каб стварыць папулярнасць. — Рэклама мне не трэба, Антон Ягоравіч, не дзеля яе я пайшоў у калгас, мяне турбуюць іншыя рэчы. Хадкевіч. Відаць, гэтым людзям была патрэбна гучная рэклама і доказы энергічнай дзейнасці для справаздачы перад сваімі гаспадарамі-філантропамі. Машара.
2. Аб’ява, паведамленне з мэтай прыцягнуць увагу да чаго‑н. Насупраць на другім баку вуліцы мігцела агнямі малінавая рэклама кафэ. Вышынскі. Рэкламы вогненнымі завуць рукамі, Б’юць па вачах, прыціскаюць як прэсам: «Лётайце самалётамі! Ездзіце цягнікамі, Хуткімі і экспрэсамі!» Кірэенка.
[Ад лац. reclamare — крычаць.]
рэкламава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэкламаваць.
рэкламава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад рэкламаваць.
рэкламава́цца, ‑муецца; незак.
Зал. да рэкламаваць.
рэкламава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак. і незак., каго-што.
Аб’явіць (аб’яўляць) аб чым‑н., карыстаючыся сродкамі рэкламы. Будаўнічая кампанія рэкламавала продаж гатовых дамоў. Лынькоў. // Расхваліць (расхвальваў) з мэтай папулярнасці. — Гэта ўсё новы старшыня! — рэкламаваў свайго сябра Дрозд. Карпюк.
рэкламацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэкламацыі. Рэкламацыйная заява.