Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перабрако́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. перабракоўваць — перабракаваць.

перабра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад перабраць.

2. у знач. прым. Які перабралі, адсартавалі. Перабраная бульба.

перабраха́ць, ‑брашу, ‑брэшаш, ‑брэша; зак., каго-што.

Разм. Брахаць даўжэй за каго‑н., узяць верх у брахні. Ажно са скуры лезлі, каб перабрахаць адна другую.. [газеты] «Слова» і «Дзённік Віленскі» — орган дэфензівы і рэакцыянераў. Машара. Сабака сабакі не перабрэша. Прыказка.

перабра́цца, ‑бяру́ся, ‑бярэ́шся, ‑бярэ́цца; ‑бяро́мся, ‑бераце́ся; зак.

1. Пераадольваючы якія‑н. цяжкасці, перайсці, пераправіцца цераз што‑н. Перабрацца на другі бераг. Перабрацца цераз высокі плот. □ Першую машыну мост вытрымаў, перабралася і другая, і трэцяя, і пятая. Мележ.

2. Перайсці, перамясціцца на іншае месца. Я перабраўся разам з посцілкай і падушкай у другі канец адрыны і доўга разважаў пра сваё жыццё. Бажко. // Перасяліцца. Гады цераз тры Міцкевічы перабраліся на сталае жыхарства ў Навагрудак. Лойка. Узрадаваныя вераб’і ў той жа дзень перабраліся з-пад страхі ў шпакоўню, перацягнуўшы туды ўсе свае небагатыя пажыткі: пер’е, салому ды шматкі анучак. Шуцько.

•••

Перабраўся воўк у аўчынку — прыкінуўся добрым; схаваў свае намеры.

перабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак.

1. што. Агледзець, выпрабаваць, ацаніць многія прадметы, з’явы. Вера падышла да кніжнай паліцы. Перабрала некалькі кніг, як бы гэтым вывучаючы мае густы. Скрыган. [Крыловіч] перабраў усе інструменты, лёгка і ўмела выконваючы на іх розныя мелодыі. Рамановіч. Мы перабралі самыя розныя варыянты, але ні адзін не падыходзіў. С. Александровіч.

2. што. Адсартаваць, аддзяліць ад агульнай масы недабраякаснае, іншароднае. Перабраць бульбу. □ [Салёнаў:] — Няхай дзеці ядуць на здароўе. Загадайце толькі, каб перабралі яблыкі ды саломкай пераклалі — да вясны хопіць... Даніленка. // Разабраць па дэталях і, замяніўшы непрыгодныя, сабраць нанава; перасыпаць. Трэба было нешта рабіць з хатай. Бацька казаў, што добра было б падвесці падваліны, перабраць сцены — замяніць некаторыя бярв[ёны] здаровымі. Мележ. Пятрок Дэраш, які ў чаканні сяўбы за апошнія тры дні перабраў, перамацаў, перамыў і .. змазаў кожную дэтальку свайго дызеля, сам вызваўся паехаць з Кухтам. Хадановіч.

3. што, чаго і без дап. Узяць больш, чым трэба, занадта многа. Перабраць тавараў. Перабраць фонд зарплаты. □ — Дык у вас жа няма грошай, — сказаў .. [Собіч]. — Вы нават перабралі ў нас [бухгалтэрыі]. Можа сёння пералічылі, дык давайце ваша плацёжнае даручэнне. Скрыган. // без дап. Разм. Зрабіць што‑н. звыш меры; перадаць, перастарацца. — Вельмі перабярэш ты на рабоце, — думаў Васіль. «ЛіМ». Сам гаспадар здорава перабраў і, не распранаючыся, зваліўся ў ложак. Сіняўскі. [Бялькевіч:] — Ну, гэта... Ну, што выпіў. Перабраў, бясспрэчна, крыху. Савіцкі.

4. што. Зрабіць у друкарні новы набор таго, што было набрана. Перабраць абзац.

5. чым. Зрабіць некалькі аднолькавых рухаў рукамі, нагамі. Лётае на ўзлеску матылёк. Вось ён сеў на бліскуча-зялёны ліст. Павёў крылцамі, перабраў ножкамі. Аляхновіч. // Даткнуцца, дакрануцца да частак чаго‑н., перахопліваючы іх адну за адной пальцамі. Цяпер.. [Вера] не ведала, што сказаць.. Яна разгублена паправіла дрэнна прычасаныя валасы, перабрала ўсе гузікі на сваёй кофце зверху ўніз. Дуброўскі. [Бычыха] перамацала, перабрала пальцамі ўсе ражкі і закуткі [сумкі]. Кулакоўскі.

6. каго. Перасяліць, перавесці ў іншае памяшканне. У наступным тыдні Зусь перабраў рабочых у новую майстэрню. Мурашка. Не чакалі доўга — як і гаварылі, перабралі старую маці ў Новалукомль. Мыслівец.

•••

Перабраць меру — зрабіць лішняе; хапіць цераз край.

перабру́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перабрудзіць.

перабру́дзіцца, ‑бруджуся, ‑брудзішся, ‑брудзіцца; зак.

Забрудзіцца — пра ўсіх, многіх; запэцкацца ў бруд у многіх месцах.

перабру́дзіць, ‑бруджу, ‑брудзіш, ‑брудзіць; зак., што.

Забрудзіць усё, многае. Перабрудзіць усю вопратку.

перабрукава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перабрукаваць.

перабрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Забрукаваць яшчэ раз, нанава або іначай. Перабрукаваць старую шашу.