перабра́цца, ‑бяру́ся, ‑бярэ́шся, ‑бярэ́цца; ‑бяро́мся, ‑бераце́ся; зак.
1. Пераадольваючы якія‑н. цяжкасці, перайсці, пераправіцца цераз што‑н. Перабрацца на другі бераг. Перабрацца цераз высокі плот. □ Першую машыну мост вытрымаў, перабралася і другая, і трэцяя, і пятая. Мележ.
2. Перайсці, перамясціцца на іншае месца. Я перабраўся разам з посцілкай і падушкай у другі канец адрыны і доўга разважаў пра сваё жыццё. Бажко. // Перасяліцца. Гады цераз тры Міцкевічы перабраліся на сталае жыхарства ў Навагрудак. Лойка. Узрадаваныя вераб’і ў той жа дзень перабраліся з-пад страхі ў шпакоўню, перацягнуўшы туды ўсе свае небагатыя пажыткі: пер’е, салому ды шматкі анучак. Шуцько.
•••
Перабраўся воўк у аўчынку — прыкінуўся добрым; схаваў свае намеры.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)