перабраць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак.
1. што. Агледзець, выпрабаваць, ацаніць многія прадметы, з’явы. Вера падышла да кніжнай паліцы. Перабрала некалькі кніг, як бы гэтым вывучаючы мае густы. Скрыган. [Крыловіч] перабраў усе інструменты, лёгка і ўмела выконваючы на іх розныя мелодыі. Рамановіч. Мы перабралі самыя розныя варыянты, але ні адзін не падыходзіў. С. Александровіч.
2. што. Адсартаваць, аддзяліць ад агульнай масы недабраякаснае, іншароднае. Перабраць бульбу. ▪ [Салёнаў:] — Няхай дзеці ядуць на здароўе. Загадайце толькі, каб перабралі яблыкі ды саломкай пераклалі — да вясны хопіць... Даніленка. // Разабраць па дэталях і, замяніўшы непрыгодныя, сабраць нанава; перасыпаць. Трэба было нешта рабіць з хатай. Бацька казаў, што добра было б падвесці падваліны, перабраць сцены — замяніць некаторыя бярв[ёны] здаровымі. Мележ. Пятрок Дэраш, які ў чаканні сяўбы за апошнія тры дні перабраў, перамацаў, перамыў і .. змазаў кожную дэтальку свайго дызеля, сам вызваўся паехаць з Кухтам. Хадановіч.
3. што, чаго і без дап. Узяць больш, чым трэба, занадта многа. Перабраць тавараў. Перабраць фонд зарплаты. ▪ — Дык у вас жа няма грошай, — сказаў .. [Собіч]. — Вы нават перабралі ў нас [бухгалтэрыі]. Можа сёння пералічылі, дык давайце ваша плацёжнае даручэнне. Скрыган. // без дап. Разм. Зрабіць што‑н. звыш меры; перадаць, перастарацца. — Вельмі перабярэш ты на рабоце, — думаў Васіль. «ЛіМ». Сам гаспадар здорава перабраў і, не распранаючыся, зваліўся ў ложак. Сіняўскі. [Бялькевіч:] — Ну, гэта... Ну, што выпіў. Перабраў, бясспрэчна, крыху. Савіцкі.
4. што. Зрабіць у друкарні новы набор таго, што было набрана. Перабраць абзац.
5. чым. Зрабіць некалькі аднолькавых рухаў рукамі, нагамі. Лётае на ўзлеску матылёк. Вось ён сеў на бліскуча-зялёны ліст. Павёў крылцамі, перабраў ножкамі. Аляхновіч. // Даткнуцца, дакрануцца да частак чаго‑н., перахопліваючы іх адну за адной пальцамі. Цяпер.. [Вера] не ведала, што сказаць.. Яна разгублена паправіла дрэнна прычасаныя валасы, перабрала ўсе гузікі на сваёй кофце зверху ўніз. Дуброўскі. [Бычыха] перамацала, перабрала пальцамі ўсе ражкі і закуткі [сумкі]. Кулакоўскі.
6. каго. Перасяліць, перавесці ў іншае памяшканне. У наступным тыдні Зусь перабраў рабочых у новую майстэрню. Мурашка. Не чакалі доўга — як і гаварылі, перабралі старую маці ў Новалукомль. Мыслівец.
•••
Перабраць меру — зрабіць лішняе; хапіць цераз край.