Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

маля́р, ‑а, м.

1. Рабочы, які беліць, фарбуе дамы, памяшканні і пад. На ціхі сонечны бульвар У крэйдзе, вапне, алебастры Выходзіць з вёдрамі маляр. Грахоўскі. Удзень тут працавалі маляры, і ў клубе моцна пахла фарбамі. Шамякін.

2. перан. Пра дрэннага мастака, жывапісца. Бажкам не веру маляваным, Што мажуць фарбай маляры. Купала.

маля́рны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з рамяством, работай маляра. Малярныя работы.

маля́рскі, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для работы маляра. Малярскі пэндзаль.

маля́рства, ‑а, н.

Занятак маляра.

малярыёлаг, ‑а, м.

Спецыяліст па лячэнню малярыі.

маляры́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да малярыі. Малярыйныя захворванні. // Які з’яўляецца крыніцай малярыі. Малярыйны камар. Малярыйная мясцовасць.

2. Звязаны з мерапрыемствамі па барацьбе з малярыяй. Малярыйная станцыя.

маля́рык, ‑а, м.

Разм. Чалавек, які хварэе на малярыю.

маляры́я, ‑і, ж.

Інфекцыйнае захворванне, для якога характэрны прыступы ліхаманкі (у 1 знач.).

[Іт. malaria.]

маля́ўка, ‑і, ДМ ‑ляўцы; Р мн. ‑лявак; ж.

1. Маленькая рыбка, якая толькі што выйшла з ікры; малёк. У мора была запушчана вялікая колькасць малявак розных парод рыб. «Звязда». Чародка малявак нешта вышуквае ў імху, якім абраслі заставы. Корбан.

2. перан. Разм. іран. Пра дзіця або чалавека маленькага росту. Васіль Іванавіч памкнуўся быў пярэчыць .. [Майцы], хацеў нават сурова перапыніць гэтую маляўку. Лынькоў.

маляўні́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць маляўнічага. Па сваіх памерах, па багаццю і разнастайнасці жывёл і раслін, па маляўнічасці краявідаў Белавежская пушча вылучаецца сярод усіх лясоў Еўропы. В. Вольскі.