Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

акрэ́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Акрыяць, паправіцца пасля цяжкай хваробы, набрацца сіл. Відаць, не акрэп яшчэ камісар пасля гестапаўскага засценка. Кулакоўскі. // Стаць мацнейшым, здольным супрацьдзейнічаць. [Мяснікоў:] Акрэпне Піцер — гэта ўсё: Як снежная лавіна з стромкіх гор, Змятаючы з дарогі перашкоды, Кастрычнік пройдзе па Расіі. Клімковіч. // Стаць мацнейшым, здаравейшым. Сэрца мацярок нашых ляжыць больш да слабейшага дзіцяці, пакуль яно не акрэпне, да таго, што ў дарозе, пакуль не вернецца, да меншага, пакуль не дарасце. Карпюк.

2. Усталявацца, умацавацца. Новы ж свет акрэпне і ўзбагацее тады, калі кожны яго будаўнік будзе добрым гаспадаром. Гартны. // Пра з’явы прыроды. Праз які тыдзень зіма акрэпла. Пянкрат.

3. Стаць цвярдзейшым (пра грунт, глебу). Напярэдадні прайшоў спорны веснавы дождж, першы ў гэтым годзе. Ён абмыў з зямлі ўсю смугу, што засталася ад зімы; поле выглядала чыстым, яно нібы памаладзела. Дарога акрэпла. Шахавец.

акрэ́сленасць, ‑і, ж.

Уласцівасць акрэсленага.

акрэ́сленне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. акрэсліваць — акрэсліць.

акрэ́слены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад акрэсліць.

2. у знач. прым. Які склаўся, трывала ўсталяваўся; выразны. Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Ідзе ён ляснымі нетрамі, цёмнымі пушчамі, ідзе з акрэсленаю мэтаю. Колас. За дваццаць год, якія правёў былы паўстанец 1863 г. далёка ад радзімы, яго грамадзянскія ідэалы не толькі не развеяліся, а набылі больш акрэслены і мэтанакіраваны характар. С. Александровіч.

акрэ́слівацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да акрэсліцца.

2. Зал. да акрэсліваць.

акрэ́сліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да акрэсліць.

акрэ́сліцца, ‑ліцца; зак.

1. Стаць бачным, выдзеліцца. У варухлівым святле акрэсліўся кружок цыферблата. Мележ.

2. Набыць ясны, выразны характар. У пачатку 30‑х гадоў выразна акрэсліліся погляды К. Чорнага на жыццё і мастацтва, склаўся яго светапогляд. Луфераў. Так акрэсліўся наступны этап ўздыму грамадскае, гаспадаркі — ліквідацыя разрыву паміж земляробствам і жывёлагадоўляй. Дуброўскі.

акрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Дакладна вызначыць межы чаго‑н. (тэрыторыю распаўсюджання, кола пытанняў ці абавязкаў, аб’ём матэрыялу і пад.). Тут жа гуртам акрэслілі круг Саўкавых абавязкаў, а таксама дамовіліся і аб плаце. Колас. Сябры! У будаўнічых рашучых паходах, Дзе сэрцы палаюць любімай зарой, На карце вялікіх жывых пяцігодак Мы творчыя справы акрэслім мяжой. Куляшоў. У новай гаспадарцы трэба было нанава перагледзець планы, вызначыць напрамак развіцця, акрэсліць задачы на бягучы год. Дуброўскі. // Вызначыць месцазнаходжанне чаго‑н. Карэкціроўшчык.. сядзеў на зрубе адрынкі, стараючыся праз бінокль.. дакладна акрэсліць месцазнаходжанне браневіка. Брыль.

2. Даць азначэнне чаму‑н., вызначыць якое‑н. паняцце. [Галіна:] — Ці здолеў бы ты, Лявоне, акрэсліць, што такое чалавечае шчасце? Васілевіч.

аксака́л, ‑а, м.

У народаў Сярэдняй Азіі — паважаны, умудроны жыццём чалавек, а таксама форма ветлівага звароту да такіх людзей.

[Цюрк. āq — белы, saqal — барада.]

аксамі́т, ‑у, М ‑міце, м.

Шаўковая тканіна з кароткім густым ворсам; мошаст. Аксеня была ў новай сукенцы з вішнёвага аксаміту. Чорны. / У паэтычных параўнаннях. Ці ў верасах іскрыцца павуціна; Ці зелянее руні аксаміт. Кірэенка.

[Ад грэч. hexamitos — з шасці нітак.]