Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

акрыхі́н, ‑у, м.

Сінтэтычны супрацьмалярыйны прэпарат.

акры́цца, акрыюся, акрыешся, акрыецца; зак.

1. Накрыцца, ахінуцца чым‑н. Акрыцца посцілкай. □ Агонь прыграваў яго збоку, воўчая [ш]кура, якою акрыўся дзед, зверху. Колас.

2. перан. Пакрыцца; ахутацца, завалачыся. Быццам хусцінай вясельнаю, вішанька цветам акрылася. Бураўкін. [Зосін] твар.. збялеў, смуткам акрыліся вочы. Гартны.

акры́ць, акрыю, акрыеш, акрые; зак., каго-што.

1. Накрыць; ахінуць. Ніна падышла і, разгарнуўшы скрутак, акрыла плечы Амілі квяцістым шоўкам, пацалавала сяброўку. Алешка.

2. Пакрыць; ахінуць, агарнуць. Густа жыта маладое Поле ўсё акрыла, Лапушное, сакаўное — Проста глянуць міла. Колас.

акрыя́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які паправіўся, паздаравеў, ажыў.

2. перан. Падбадзёраны духам, з прыўзнятым настроем. Андрэй на нарах стос газет разгарнуў і, светлы, акрыялы, маляваў дамы ёй [Ніне] і кварталы, горада далёкі сілуэт. Русецкі.

акрыя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Паправіцца пасля хваробы, ачуняць; набрацца сіл, акрэпнуць. [Нупрэй:] — Думалі, ні за што не выжыве [Язэп]. Аж месяц-другі пасядзеў дома і акрыяў трохі. Сачанка. Ранены крыху акрыяў, але не настолькі, каб як след ахапіць розумам сваё становішча. Шарахоўскі. // Дасягнуць (пасля ваеннага разбурэння і пад.) ранейшага стану. Вёска яшчэ не зусім акрыяла ад трох акупанцкіх пажараў. Брыль.

2. перан. Ажыць душой. Іван.. чамусьці пазбыўся ўсіх сваіх ранейшых трывог і на гэтым лугавым прыволлі проста акрыяў душой. Быкаў. [Анюта:] — Каб мне хоць слоўца пра майго Казіка сказаў — дзе ён, што з ім, — дык я ўся душой бы акрыяла, свет перада мной адкрыўся б. Краўчанка.

акрэдытава́ны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад акрэдытаваць.

2. у знач. прым. Які звязаны з дыпламатычным прадстаўніцтвам у замежнай краіне. Акрэдытаваны пасол.

3. у знач. прым. Якому выдадзены разліковы акрэдытыў. Акрэдытаваная асоба.

акрэдытава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

Спец. Зал. да акрэдытаваць.

акрэдытава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., каго.

Спец.

1. Упаўнаважыць (упаўнаважваць) каго‑н. на атрыманне грошай або на правядзенне гандлёвых аперацый.

2. Прызначыць (прызначаць) каго‑н. дыпламатычным прадстаўніком пры замежным урадзе.

[Ад лац. accredere — давяраць.]

акрэдыты́ў, ‑тыва, м.

Спец.

1. Грашовы дакумент, у якім змяшчаецца распараджэнне адной крэдытнай установы другой аб выплаце каму‑н. пэўнай сумы.

2. Вярыцельная грамата, якая пацвярджае паўнамоцтвы дыпламатычнага прадстаўніка пры ўрадзе другой краіны.

[Фр. accréditif.]

акрэдыты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да акрэдытыва. Акрэдытыўнае даручэнне. Акрэдытыўная форма разліку.