сусляня́ і суслянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Дзіцяня сусліка.
суспе́нзія, ‑і, ж.
Вадкасць, у якой дробныя часцінкі цвёрдага рэчыва знаходзяцца ў завіслым стане; завісь. Пратруціць клубні бульбы суспензіяй граназану.
[Ад лац. suspensio — падвешванне.]
суспензо́рый, ‑я, м.
Спец. Павязка ў выглядзе мяшочка для падтрымкі машонкі.
[Ад лац. suspensus — падвешаны.]
суста́ў, ‑тава, м.
Рухомае злучэнне касцей або храсткоў у арганізме чалавека, жывёлы. Плечавы сустаў. Локцевы сустаў. Каленны сустаў. □ [Васіль Кузьміч] не садзіўся, стаяў каля стала збоку, абапёршыся на суставы пальцаў. Лобан.
суста́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сустава. Сустаўны рэўматызм. Сустаўная сумка.
суста́ўчаты, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з асобных членікаў. Сустаўчатыя канечнасці насякомых.
2. Спец. Які складаецца з асобных рухомых частак, змацаваных паміж сабою. Сустаўчатыя трубы.
сустрака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да сустрэцца.
2. Трапляцца, надарацца; бываць. Толькі ўсе былі ўзброеныя абы чым: большасць мела .. бамбукавыя пікі, але сустракаліся і стрэльбы, і рэвальверы. Маўр. Сярод адвечнай цішыні першабытных лясоў рэдка сустракаліся людскія паселішчы, затое дзікіх звяроў і птушак было тут вялікае мноства. В. Вольскі. // перан. Бываць, мець месца. Разам з тым трэба прызнаць, што ў нашым асяроддзі яшчэ сустракаюцца выпадкі п’янства, рвацтва, парушэння сацыялістычнай дысцыпліны. Машэраў.
3. Зал. да сустракаць (гл. сустрэць у 2 знач.).
сустрака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да сустрэць.
сустрэ́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад сустрэць.
сустрэ́цца, ‑стрэнуся, ‑стрэнешся, ‑стрэнецца; зак.
1. Рухаючыся з розных бакоў, сысціся з кім‑н.; трапіцца каму‑н. насустрач. [Аўгіні] прыпомнілася, як ішла яна з Мартынам з Прыпяці, як сустрэўся ёй Кандрат Вус. Колас. Па дарозе .. [Сяргею] сустрэліся толькі дзве жанчыны з поўнымі вёдрамі вады. Шахавец. // Сутыкнуцца, дакрануцца. Той пялёстак мы шукалі — Кажуць, шчасце ён прыносіць. Ды сустрэцца нам рукамі Ненарокам давялося. Жычка. // Трапіцца, аказацца на шляху. Па дарозе сустрэўся ручаёк. // Паглядзець адзін аднаму ў вочы, абмяняцца позіркамі. Андрэй сустрэўся з Паддубным вачыма, і яны адзін аднаму злёгку кіўнулі. Пестрак. Міхаліна цярпліва чакала. Нарэшце Эдвард падняў галаву, позіркі іх сустрэліся. Пальчэўскі. // Выявіць што‑н. у сваім жыцці, дзейнасці; напаткаць у рабоце, жыцці, назіраннях і пад. Марына сустрэлася з жыццём твар у твар. Васілевіч. Прыём выстаўляць сябе дабрадзеем не новы для тых, хто жыве за кошт мускулаў і поту працоўных. З гэтым у ЗША можна сустрэцца на кожным кроку. Філімонаў.
2. Сысціся для сумеснага правядзення часу, па справе і пад.; спаткацца з кім‑н. [Аня:] — Давай, як скончыцца вайна, сустрэнемся ў нашай школе. Ляўданскі. Госці хочуць сустрэцца з .. [рабочымі] ўвечары. Карпаў. Ля крыніцы З маладзіцай Я сустрэўся на зары. А. Александровіч.