сустрэ́цца, ‑стрэнуся, ‑стрэнешся, ‑стрэнецца; зак.
1. Рухаючыся з розных бакоў, сысціся з кім‑н.; трапіцца каму‑н. насустрач. [Аўгіні] прыпомнілася, як ішла яна з Мартынам з Прыпяці, як сустрэўся ёй Кандрат Вус. Колас. Па дарозе .. [Сяргею] сустрэліся толькі дзве жанчыны з поўнымі вёдрамі вады. Шахавец. // Сутыкнуцца, дакрануцца. Той пялёстак мы шукалі — Кажуць, шчасце ён прыносіць. Ды сустрэцца нам рукамі Ненарокам давялося. Жычка. // Трапіцца, аказацца на шляху. Па дарозе сустрэўся ручаёк. // Паглядзець адзін аднаму ў вочы, абмяняцца позіркамі. Андрэй сустрэўся з Паддубным вачыма, і яны адзін аднаму злёгку кіўнулі. Пестрак. Міхаліна цярпліва чакала. Нарэшце Эдвард падняў галаву, позіркі іх сустрэліся. Пальчэўскі. // Выявіць што‑н. у сваім жыцці, дзейнасці; напаткаць у рабоце, жыцці, назіраннях і пад. Марына сустрэлася з жыццём твар у твар. Васілевіч. Прыём выстаўляць сябе дабрадзеем не новы для тых, хто жыве за кошт мускулаў і поту працоўных. З гэтым у ЗША можна сустрэцца на кожным кроку. Філімонаў.
2. Сысціся для сумеснага правядзення часу, па справе і пад.; спаткацца з кім‑н. [Аня:] — Давай, як скончыцца вайна, сустрэнемся ў нашай школе. Ляўданскі. Госці хочуць сустрэцца з .. [рабочымі] ўвечары. Карпаў. Ля крыніцы З маладзіцай Я сустрэўся на зары. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)