Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

суб...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на: 1) знаходжанне ўнізе, пад чым‑н., каля чаго‑н., напрыклад: субмарына; 2) падпарадкаванасць, напрыклад: субінспектар; 3) пабочнасць, напрыклад: субпрадукты.

[Лац. sub — пад.]

субальпі́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да высакагорных раёнаў, размешчаных ніжэй альпійскага пояса.

[Ад лац. sub — пад і слова альпійскі.]

субардына́цыя, ‑і, ж.

Сістэма строгага падпарадкавання малодшых старшым, заснаваная на правілах службовай дысцыпліны. Забыўшыся на свой спінінг, на прысутнасць дзядзькі Сцяпана і на ўсе субардынацыі, дырэктар школы, як хлапчук, з радасным крыкам бег да Аляксея. Шамякін. [Мікалай Мікалаевіч:] — Забудзем субардынацыю; мы ж сябры, аднадумцы, пакуль што не на службе. Грахоўскі.

[Лац. subordinatio.]

Суба́рктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж. (з вялікай літары).

Геаграфічны пояс, размешчаны паміж зонай умеранага клімату і зонай арктычных пустыні..

субаркты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Субарктыкі. Субарктычны клімат.

субве́нцыя, ‑і, ж.

Від дзяржаўнай грашовай дапамогі мясцовым органам улады, якая, у адрозненне ад датацыі, павінна быць выкарыстапа на канкрэтныя мэты.

[Ад лац. subventio — дапамога.]

субдаміна́нта, ‑ы, ДМ ‑нце, ж.

Чацвёртая ступень дыятанічнай гамы, ніжняя дамінанта.

[Ад лац. sub — пад і dominans — пануючы.]

суб’е́кт, ‑а, М ‑кце, м.

1. У філасофіі — чалавек, які пазнае знешні свет (аб’ект) і ўздзейнічае на яго сваёй практычнай дзейнасцю.

2. Асоба, калектыў, арганізацыя, краіна і пад., якія актыўна выступаюць у якім‑н. працэсе, акце, зносінах і пад. Аўтар мае рацыю, падкрэсліваючы, што з моманту абвяшчэння Беларуская рэспубліка, як суверэнная дзяржава, з’яўлялася паўнапраўным суб’ектам міжнароднага права. «Полымя».

3. Спец. Асоба або арганізацыя, якія валодаюць пэўнымі, дакладна акрэсленымі правамі і абавязкамі. Суб’ект права. Суб’ект злачынства.

4. Разм. Чалавек як носьбіт якіх‑н. уласцівасцей; асоба. [Марынчук:] — Брыдка, самая нікчэмная рэч — у вырашэнні канфлікту даваць волю рукам. Іншага суб’екта, праўда, можна сяк-так зразумець. Ракітны. // Зневаж. Пра чалавека з адмоўнымі рысамі характару, пра падазронага чалавека. [Ганя:] — [Намыснік] паклёпнік і наогул небяспечны суб’ект... Грамовіч.

5. У логіцы — прадмет суджэння, лагічны дзённік. Суб’ект суджэння.

6. У граматыцы — дзённік.

[Лац. subjectum.]

суб’е́ктны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да суб’екта (у 5, 6 знач.). Суб’ектныя адносіны.

суб’ектыві́зм, ‑у, м.

1. Светапоглядная пазіцыя, якая ігнаруе аб’ектыўны падыход да рэчаіснасці, адмаўляе наяўнасць аб’ектыўных законаў прыроды і грамадства.

2. Напрамак у буржуазнай сацыялогіі, які сцвярджае, што развіццё грамадства вызначаецца не аб’ектыўнымі заканамернасцямі, а суб’ектыўнымі фактарамі — воляй, жаданнямі і імкненнямі пэўных асоб.

3. Асабісты, пазбаўлены аб’ектыўнасці погляд на што‑н. Суб’ектывізм у навуцы. □ Суб’ектывізм крытычных ацэнак — вельмі непажаданая з’ява. Ён сведчыць, што крышку нестае эстэтычнай адукаванасці, умельства знаходзіць галоўную сутнасць у мастацкім творы. Каваленка.