Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэдкале́ссе, ‑я, н.

Рэдкі лес. Свяцілася рэдкалессе паабапал дарогі — рэшткі колішняга вялікага бору. М. Стральцоў. Ледзь не штораніцы ходзіць [Міця] у лес — восень грыбная, грыбоў, блукаючы па верасах і рэдкалессі, назбірвае поўную каробку-лубянку, але яны не прыносяць былой радасці. Навуменка.

рэдканасе́лены, ‑ая, ‑ае.

З малою колькасцю насельніцтва. Рэдканаселеная мясцовасць.

рэдкасло́йны, ‑ая, ‑ае.

Са слаямі, якія рэдка чаргуюцца. Рэдкаслойнае дрэва.

рэ́дкасны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Вельмі рэдкі. Пятрок самы паслухмяны ў брыгадзе работнік. І дабрыні чалавек рэдкаснай. Ракітны.

рэ́дкасць, ‑і, ж.

1. Якасць чаго‑н. рэдкага. Рэдкасць насельніцтва. Рэдкасць лесу.

2. Прадмет, выпадак, з’ява, якія рэдка сустракаюцца, бываюць не часта. А баравік — рэдкасць. Таму і не любяць грыбнікі гэтых мясцін. Кандрусевіч. У Запаляр’і, дзе навокал ляжыць тундра і жывыя кветкі з’яўляюцца рэдкасцю, .. [Нарыльск] увесь у кветках, дагледжаных чалавекам. Скрыган.

•••

Музейная рэдкасць — пра што‑н. устарэлае, што выйшла з ужытку, не мае практычнага прымянення.

На рэдкасць — у вышэйшай ступені, выключна. Вось Мірон Сцяпанавіч Бельскі. Добры, на рэдкасць мілы чалавек. Ракітны. Дні стаялі на рэдкасць пагодлівыя. Карпаў.

рэ́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Недастаткова густы, вадзяністы. Рэдкі кісель. Рэдкая страва. Рэдкая смятана.

2. Які складаецца з аднародных прадметаў, часцінак, размешчаных не блізка адзін ад другога. На кіламетраў шэсць цягнуўся .. рэдкі лес, у якім хвоя ад хвоі стаяла на метраў пяцьдзесят ці часам сто. Чорны. Трохі .. [барада] няроўная ў .. [дзеда] — адна палавіна густая, другая — рэдкая. Лынькоў. // Размешчаны далёка адзін ад другога. Рэдкія ліхтары асвятлялі вуліцу. Гартны. [Азорыч:] З табою мы прайшлі З Барысава семнаццаць кіламетраў — І хоць бы дзе адна буйная часць! Разведка толькі, рэдкія заставы... Глебка. Нейкі час ехалі моўчкі. Лес парадзеў, стала святлей. У прасветліны відаць было неба з рэдкімі зоркамі. Асіпенка. // Не шчыльна сатканы або сплецены. Рэдкі невад. Рэдкі кошык. □ Праз рэдкую тканіну на вокнах пранізваецца ранішні водсвет. Бядуля.

3. Не густы (пра туман і пад.). Першы туман, лёгкі і рэдкі, як пара над гаршком, пачаў ўздымацца над рэчкаю, гусцець і большаць. Мурашка. // Не насычаны, разрэджаны (пра паветра, святло і пад.). Рэдкае святло. □ Мацей прынёс з-пад паветкі бярэмца дроў, пакідаў іх у рэдкі душок астылай печы. М. Стральцоў.

4. Які адбываецца праз вялікія прамежкі часу, бывае не часта. Цімох не любіў кампаніі і стараўся меней стыкацца з пастухамі. А калі і бывалі спатканні з імі, то вельмі рэдкія і выпадковыя. Колас. Недзе чуваць былі рэдкія выбухі. Дамашэвіч.

5. Які не часта сустракаецца, незвычайны. Там ужо заўважылі .. [кітоў] і згуртаваліся ля варта, каб падзівіцца на такіх рэдкіх, незвычайных марскіх жыхароў. Маўр. [Мікалай] добра разумеў, што гэта вельмі рэдкая выпадковасць — сустрэць таго, каго шукаеш на такім фронце, у мільённым натоўпе палонных. Шамякін. // Выдатны, выключны па сваіх якасцях. — Дык пан добра знае пана Турсевіча? — спытала пані падлоўчая: — Ах, які гэта быў рэдкі чалавек! — Зад на яна. Колас.

рэдсаве́т, ‑а, М ‑веце, м.

Рэдакцыйны савет.

рэдукава́ны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад рэдукаваць.

2. у знач. прым. Які з’яўляецца вынікам рэдукцыі, аслаблены (пра гук мовы). Рэдукаваны галосны гук.

рэдукава́цца, ‑куецца; зак. і незак.

Спец.

1. Скараціцца (скарачацца).

2. толькі незак. Зал. да рэдукаваць.

рэдукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., што.

Спец. Падвергнуць (падвяргаць) рэдукцыі.