маціро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. маціраваць.
ма́ціца, ‑ы, ж.
Уст. Перламутр. Маціцай блішчала італьянская маёліка пад шклом. Караткевіч.
маціцо́вы, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да маціцы.
мацне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Рабіцца больш моцным (у 2–8 знач.); набірацца сіл. Мароз мацнеў. Вецер сціх зусім, і ў цёмным вячэрнім небе запаліліся першыя зоркі. Лынькоў. Залпы і паасобныя стрэлы мацнелі, гусцелі і ўрэшце зліліся ў суцэльны гул. Мележ. Гарыць касцёр. Каб ён мацнеў, Падкінем, хлопцы, дроў. Кірэенка. Усё мацнела і мацнела надзея, што вось-вось пакажацца недзе тут і Марыя. Кулакоўскі. З кожным годам расла і мацнела арцельная гаспадарка. Жычка.
мацну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм. Аднакр. да мацаць (у 1, 2 знач.).
мацо́ні, нескл., н.
Назва кіслага малака ў некаторых народаў Каўказа.
мацу́нак, ‑нку, м.
Разм.
1. Уласцівасць моцнага; моц, трываласць. — Гэта ж квас, як вада. У ім жа мацунку ўсяго, можа, адзін градус, — заспакоіў Косцік. Сабаленка. Дваццаць пяць год не кранулі перабродаўскіх будынкаў .. Яшчэ і да самай Айчыннай вайны яны захавалі свой мацунак і свежы колер гладка вычасанага бярвення. Чорны. Ядранымі зорнымі начамі набіраў мацунак мароз. Марціновіч.
2. Тое, чым можна падмацавацца, чаго можна пад’есці. Хлеб чорны, хлеб жытні, — Мацунак здаровы. Броўка.
мацыёлавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мацыёлы, уласцівы ёй.