махлява́нне, ‑я, н.
Разм. Паводзіны, спосаб дзеяння махляра.
махлява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.
Разм. Займацца махлярствам; жульнічаць, ашукваць. Алена малако на рынку прадавала. Чатыры гладышы было ў яе, Дык з аднаго пакаштаваць яна давала, А з іншых налівала, Калі ў пакупніка ўвагі не стае... Сказаўшы карацей, — Алена махлявала. Корбан.
махля́р, ‑а, м.
Разм. Той, хто махлюе, займаецца махлярствам; жулік, ашуканец. [Бабейка:] «Не, Саўка, ты быў проста дробны і, я сказаў бы на сталы розум, далёка не ўдачлівы махляр, і зямлі ты ніколі не любіў». Хадкевіч. Аленка быў спрытны махляр і нажываўся на арыштанцкім хлебе, гароху, капусце і сале. Колас.
махля́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм. Жан. да махляр.
махля́рскі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да махляра, махляроў, уласцівы ім. Махлярскія звычкі.
махля́рства, ‑а, н.
Разм. Падман, ашуканства з мэтай набыць грошы, маёмасць. [Акцызнік:] — Думаеш, я махлярствам грошы набываю? Не такі. Грошы, нажытыя махлярствам, — на трыццаць год, а мазалём — на тысячу. Пташнікаў. Не было завозу свайго, са сваёй вёскі, дык везлі чужыя. Яны не ведалі таго махлярства, што рабілася ў млыне, і ім было ўсё роўна, хто ім будзе малоць. Ракітны.
махнано́гі, ‑ая, ‑ае.
З махнатымі нагамі. Махнаногі певень.
махна́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і якасць махнатага.
махна́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Аброслы густой поўсцю, валасамі; касматы. Махнатыя лапы. □ Цокаюць па бруку падковамі вялізныя, махнатыя біцюгі. Навуменка.
2. З густым ворсам (пра тканіны). Махнаты ручнік.
3. З густымі пасмамі валасоў ці шэрсці. Рудольфавы рукі ляглі на махнатай, непрычэсанай галаве. Гартны.
4. перан. З густою ігліцай; з густымі галінамі і г. д. З усіх бакоў цягнуцца да .. [падарожнікаў] махнатыя лапы ялін. В. Вольскі.
махна́ціцца, ‑націцца; незак.
Разм. Станавіцца махнатым; калмаціцца.