лістано́ша, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Пісьманосец. Я хацеў бы прайсці па дарогах вайны лістаношай І бацькам назаўсёды вярнуць іх дзяцей адрасы. Куляшоў.
лістапа́д, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.
1. ‑а. Адзінаццаты месяц каляндарнага года. Ужо ў пачатку лістапада станавіўся сухі холад, а пад сярэдзіну таго ж месяца нападаў змёрзлы і сцёрты ветрам на муку снег. Чорны.
2. ‑у. Ападанне лісця восенню (у цёплых краінах — перад наступленнем засухі); час гэтага ападання. Шуміць лістапад. Хвоі ў лесе панура рыпяць. Панчанка.
лістапа́даўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лістапада (у 1 знач.). Над вёскай, над сялом апускаецца ціхі лістападаўскі вечар, залоцячы прамёрзлыя шыбы акон. Лынькоў. // Які адбываецца ў лістападзе. Лістападаўскія падзеі.
лістапа́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да лістападу (у 2 знач.). Восень Сыпле лісце на шлях. Пойдуць зноў непагоды Лістападнай парой. Прыходзька.
2. Якому ўласціва ападанне лісця. Лістападныя дрэвы.
лістападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае выгляд, форму ліста.
лістапрака́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Пракатка ліставога металу.
лістапрака́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пракаткі ліставога металу, служыць для пракаткі. Лістапракатны цэх. Лістапракатны стан.
лістапрака́тчык, ‑а, м.
Той, хто займаецца пракаткай ліставога металу.
ліста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Разм. Гартаць, перагортваць. Пасля абеду Зыбін любіў, лежачы на канапе, лістаць часопіс — разгадваць красворды, чытаць розныя кароценькія заметкі на апошніх старонках. Мележ.
лісто́к 1, ‑тка, м.
Памянш. да ліст 1 (у 1 знач.).
•••
Фігавы лісток — крывадушнае прыкрыццё чаго‑н. яўна бессаромнага, несумленнага. [Алаіза:] — Толькі вельмі не спадзявайцеся на маніфест. Маніфест — гэта фігавы лісток, якім цар хоча прыкрыць свой сорам. Арабей.
лісто́к 2, ‑тка, м.
1. Памянш. да ліст 2 (у 1, 2 знач.); невялікі ліст. Лісток календара. □ — Радыёграма, — далажыў радыст і працягнуў лісток паперы. М. Ткачоў. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка.
2. Тое, што і ліст 2 (у 3 знач.). Кантрольны лісток. Абходны лісток.
3. Разм. Лістоўка, пракламацыя. Недазволеную літаратуру — брашуркі, лісткі, адозвы — .. [сябры] хавалі ў нетрах глухога густога лесу. Колас.
•••
Баявы лісток — невялікая экстранна выпушчаная насценгазета.