галагра́фія, ‑і, ж.
Метад атрымання аб’ёмнага малюнка шляхам асвятлення прадмета лазерным пучком і паўторнага асвятлення спецыяльна апрацаванага фотанегатыва такім жа пучком.
[Ад грэч. hólos — увесь, поўны і graphō — пішу.]
галагу́т, ‑а, М ‑гуце, м.
Галагуцкі певень, певень галандскай пароды. Жыў-быў на свеце і певень-галагут. Вітка.
галагу́цкі, ‑ая, ‑ае.
Галандскі (пра народу курэй). Галагуцкі певень.
галадава́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. галадаваць.
галадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.
Разм. Тое, што і галадаць. Палітычныя вязні астрога галадавалі чацвёра сутак, і турэмнае начальства вымушана было палічыцца з некаторымі іх патрабаваннямі. Сабаленка.
галада́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. галадаць; недаяданне з-за недахопу ежы, з мэтай лячэння і інш. Аб цяжкіх начлегах напевы Каціліся з краю да краю; Былі неўраджайны засевы, Было галаданне ў звычаі. Купала.
галада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Адчуваць недахоп у ежы на працягу доўгага часу; пастаянна недаядаць. — І праўда, Васіль, — падтрымала маці. — Вунь і Бяляўскія запісаліся, і Мішчанкі, амаль усе ўжо ў калгасе. Не галадаюць цяпер, не ходзяць на паклон да розных Грыбоўскіх. Курто.
2. Устрымлівацца ад яды па пэўных прычынах, з пэўнай мэтай. Галадаць у знак пратэсту.
галада́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад галадаць.
2. у знач. наз. галада́ючы, ‑ага, м.; галада́ючая, ‑ай, ж. Той (тая), хто галадае. Спектакль ставіўся ў фонд дапамогі галадаючым. Вітка.
3. Дзеепрысл. незак. ад галадаць.
галаднава́та,
1. Прысл. да галаднаваты.
2. безас. у знач. вык., каму. Пра не вельмі моцнае адчуванне голаду, хаценне есці. У вайну было галаднавата многім.
галаднава́ты, ‑ая, ‑ае.
Не зусім сыты, напаўгалодны. Галаднаватыя і напаўраздзетыя камсамольцы будавалі Магнітку, ставілі горад юнацтва на беразе Амура. Сабаленка.