Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пестыцы́ды, ‑аў.

Хімічныя сродкі барацьбы з рознымі шкоднымі арганізмамі (насякомымі, кляшчамі, бактэрыямі, грыбкамі, пустазеллем і пад.).

пе́сцік, ‑а, м.

Частка кветкі пакрытанасенных раслін, з якой утвараецца плод пасля апладнення пыльцой.

пе́сцікавы, ‑ая, ‑ае.

Які размнажаецца пры дапамозе песцікаў і тычынак.

пе́сціцца, пешчуся, песцішся, песціцца; незак.

Аддавацца пяшчотам, цешыцца спакоем, бестурботнасцю. — Уставай, хопіць табе песціцца ў пасцелі! Шахавец. Сам [Ваўчок] вудзіць рыбу, дзеці купаюцца і загараюць, жонка песціцца ля рэчкі ў цяньку. Хадкевіч. У дзяцінстве, помніцца, было такое: бацька і ён [Эфір] ляжаць на канапе, песцяцца, жартуюць. Асілак і карапуз. М. Ткачоў.

пе́сціць, пешчу, песціш, песціць; незак.

1. каго. Любоўна даглядаць, гадаваць каго‑н. Нічога асаблівага [Аўстра] не жадае: самой хадзіць па хаце, завіхацца каля печы, карміць і песціць дзяцей. Кучар. // пераважна з адмоўем «не». Ствараць для жыцця, дзейнасці каго‑н. вельмі спрыяльныя ўмовы. Лёс не песціў вандроўнікаў космасу. Гамолка. Жыццё дарэмна іх [дзяўчат] не песціць, Яны не ў кветніку цвітуць. Пысін. Як малодшую, .. [Зіну] песцілі можа больш, чым трэба было, не адмаўлялі ні ў чым, хаця ў хаце было не густа. Шыцік. // Патураць усім жаданням каго‑н., балаваць; распешчваць. Песцяць дачку, псуюць яе. Як жа, адзіная дачка, толькі ёю і дыхаюць. Лынькоў. // перан.; што. З любоўю даглядаць, ахоўваць што‑н. Думаў Дзям’ян пра шмат што: пра зямлю, якую песціў і любіў; пра дом свой, пабудаваны за савецкія часы. Кавалёў. Старыя любяць сваю справу, старанна даглядаюць машыну, песцяць яе. Шынклер.

2. каго. Праяўляць ласку, лашчыць, галубіць каго‑н. Аляксей часта браў Люду на калені, песціў, гаварыў з ёю. Мележ. Славік пайшоў па руках, яго песцілі, падкідалі, як мячык. Гурскі.

3. перан.; каго-што. Дзейнічаючы на органы пачуццяў, выклікаць прыемныя адчуванні (пра вецер, сонца і пад.). Вецер песціць твар. □ Карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой, песцячы погляд мяккасцю і разнастайнасцю фарбаў. Васілевіч. Сонца, быццам знарок, свеціць проста ў твар, сагравае цябе, песціць. Лупсякоў.

4. перан.; што. Жадаць здзяйснення чаго‑н. прыемнага; пялегаваць. Песціць надзею ў сэрцы. Песціць мару. □ Кожны глядзеў на полымя, песцячы свае пакуль нікому не адкрытыя думкі. Пестрак.

•••

Песціць вочы — пра што‑н. прыгожае, прыемнае на выгляд.

пета́рда, ‑ы, ж.

1. Старадаўні разрыўны снарад у выглядзе металічнай пасудзіны, напоўненай порахам.

2. Сігнальны разрыўны снарад, які кладзецца на рэйкі, каб спыніць чыгуначны поезд у выпадку небяспекі.

3. У піратэхніцы — папяровы снарад з парахавым зарадам, род феерверку.

[Фр. pétard.]

пета́рдавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да петарды. Петардавы шнур.

петраграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да петраграфіі.

петрагра́фія, ‑і, ж.

Навука, раздзел геалогіі, які вывучае мінералагічны і хімічны склад горных народ, іх структуру і заканамернасці ўтварэння.

[Ад грэч. pétros — камень і gráphō — пішу.]

петралагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да петралогіі.