пе́сціць, пешчу, песціш, песціць; незак.
1. каго. Любоўна даглядаць, гадаваць каго‑н. Нічога асаблівага [Аўстра] не жадае: самой хадзіць па хаце, завіхацца каля печы, карміць і песціць дзяцей. Кучар. // пераважна з адмоўем «не». Ствараць для жыцця, дзейнасці каго‑н. вельмі спрыяльныя ўмовы. Лёс не песціў вандроўнікаў космасу. Гамолка. Жыццё дарэмна іх [дзяўчат] не песціць, Яны не ў кветніку цвітуць. Пысін. Як малодшую, .. [Зіну] песцілі можа больш, чым трэба было, не адмаўлялі ні ў чым, хаця ў хаце было не густа. Шыцік. // Патураць усім жаданням каго‑н., балаваць; распешчваць. Песцяць дачку, псуюць яе. Як жа, адзіная дачка, толькі ёю і дыхаюць. Лынькоў. // перан.; што. З любоўю даглядаць, ахоўваць што‑н. Думаў Дзям’ян пра шмат што: пра зямлю, якую песціў і любіў; пра дом свой, пабудаваны за савецкія часы. Кавалёў. Старыя любяць сваю справу, старанна даглядаюць машыну, песцяць яе. Шынклер.
2. каго. Праяўляць ласку, лашчыць, галубіць каго‑н. Аляксей часта браў Люду на калені, песціў, гаварыў з ёю. Мележ. Славік пайшоў па руках, яго песцілі, падкідалі, як мячык. Гурскі.
3. перан.; каго-што. Дзейнічаючы на органы пачуццяў, выклікаць прыемныя адчуванні (пра вецер, сонца і пад.). Вецер песціць твар. □ Карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой, песцячы погляд мяккасцю і разнастайнасцю фарбаў. Васілевіч. Сонца, быццам знарок, свеціць проста ў твар, сагравае цябе, песціць. Лупсякоў.
4. перан.; што. Жадаць здзяйснення чаго‑н. прыемнага; пялегаваць. Песціць надзею ў сэрцы. Песціць мару. □ Кожны глядзеў на полымя, песцячы свае пакуль нікому не адкрытыя думкі. Пестрак.
•••
Песціць вочы — пра што‑н. прыгожае, прыемнае на выгляд.