Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пескары́йка, ‑і, ДМ ‑рыйцы; Р мн. ‑рыек; ж.

Лічынка міногі, якая мае ўласцівасць зарывацца ў пясок.

пескаструме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які дзейнічае або ажыццяўляецца пры дапамозе моцнага струменя пяску. Пескаструменны апарат. Пескаструменная апрацоўка.

пескаструме́ншчык, ‑а, м.

Рабочы, які апрацоўвае што‑н. пескаструменным апаратам.

пескаструме́ншчыца, ‑ы, ж.

Жан. да пескаструменшчык.

песнапе́нне, ‑я, н.

Рэлігійная або ўрачыстая песня.

пе́сня, ‑і, ж.

1. Невялікі паэтычны твор для спеваў. Харавая песня. Песня-калыханка. Лірычная песня. □ Дзяўчаты спявалі старую жніўную песню. Асіпенка. // Гучанне такога твора, яго мелодыя, гукі. Песня была дружнай, зладжанай і лілася з нашых грудзей магутнай хваляй бадзёрасці, адвагі, мужнасці. Анісаў. // Пра спевы птушак. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім небе жаўранак. Мурашка. // Пра меладычныя гукі, якія нагадваюць песню. Куй, каваль! Няхай прачнецца, Хто шчэ спіць чароўным сном, — Да іх хутка данясецца Песня молата: «дзін», «бом!..» Чарот.

2. Невялікі верш, напісаны ў стылі музычна-паэтычнага твора. Песні Кальцова. // Паэтычная творчасць, паэзія. — Баюся, што песня возьме верх над прозаю ў творчасці Саўкі! — сказаў студэнт не то жартам, не то сур’ёзна. Бядуля.

3. Назва некаторых інструментальных напеўных твораў.

•••

Варажбітная песня — абрадавая песня, якая выконваецца пры святочнай варажбе.

Доўгая (вялікая) песня (гісторыя) — тое, што не скора можа быць зроблена, расказана і пад., што патрабуе працяглага часу для свайго завяршэння.

Лебядзіная песня — апошні, звычайна найбольш значны, чый‑н. твор; апошняе праяўленне таленту, здольнасці і пад. (ад народнага падання, што лебедзь пяе адзін раз у жыцці — перад сваёй смерцю).

Песня чыя спета — тое, што і песенька чыя спета (гл. песенька).

Старая песня — што‑н. даўно вядомае.

Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню гл. цягнуць.

пе́ста, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑сце, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Тое, што і пястун, пястуха.

пе́ставацца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

Тое, што і песціцца. Пеставацца ў пасцелі не было калі — вунь жонка нешта ўжо смажыць на снеданне. Гроднеў.

пе́ставаць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Тое, што і песціць. — Ну, цяпер мы з табою зусім прыяцелі! — жартавалі чырвонаармейцы і пеставалі Мішку, гладзілі яго, за вухам часалі. Лынькоў. Сына.. [прафесар] пеставаў, дазваляў яму шмат лішняга. Новікаў. Зусім не такія планы пеставаў у сваёй юнацкай душы маўклівы і зацяты Мікола Голуб. Навуменка.

пе́сты, ‑аў; адз. няма.

Разм. Пяшчотныя, ласкавыя адносіны. [Зося:] — Жыла я ўвесь час як чалавек, не шукаючы ні лёгкага хлеба, ні забаў, ні пестаў. Хадкевіч.