песня, ‑і, ж.

1. Невялікі паэтычны твор для спеваў. Харавая песня. Песня-калыханка. Лірычная песня. ▪ Дзяўчаты спявалі старую жніўную песню. Асіпенка. // Гучанне такога твора, яго мелодыя, гукі. Песня была дружнай, зладжанай і лілася з нашых грудзей магутнай хваляй бадзёрасці, адвагі, мужнасці. Анісаў. // Пра спевы птушак. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім небе жаўранак. Мурашка. // Пра меладычныя гукі, якія нагадваюць песню. Куй, каваль! Няхай прачнецца, Хто шчэ спіць чароўным сном, — Да іх хутка данясецца Песня молата: «дзін», «бом!..» Чарот.

2. Невялікі верш, напісаны ў стылі музычна-паэтычнага твора. Песні Кальцова. // Паэтычная творчасць, паэзія. — Баюся, што песня возьме верх над прозаю ў творчасці Саўкі! — сказаў студэнт не то жартам, не то сур’ёзна. Бядуля.

3. Назва некаторых інструментальных напеўных твораў.

•••

Варажбітная песня — абрадавая песня, якая выконваецца пры святочнай варажбе.

Доўгая (вялікая) песня (гісторыя) — тое, што не скора можа быць зроблена, расказана і пад., што патрабуе працяглага часу для свайго завяршэння.

Лебядзіная песня — апошні, звычайна найбольш значны, чый‑н. твор; апошняе праяўленне таленту, здольнасці і пад. (ад народнага падання, што лебедзь пяе адзін раз у жыцці — перад сваёй смерцю).

Песня чыя спета — тое, што і песенька чыя спета (гл. песенька).

Старая песня — што‑н. даўно вядомае.

Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню гл. цягнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)