рассе́яны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад рассеяць.
2. у знач. прым. Раскіданы на вялікай прасторы. Рассеянае насельніцтва. □ Збіраліся салдаты з рассеяных часцей. Чорны.
3. у знач. прым. Аслаблены ў выніку распаўсюджання ў розных напрамках. Вялікая люстра пад столлю запалілася мяккім рассеяным святлом. Васілёнак.
4. у знач. прым. Такі, у якога рассейваецца ўвага; няўважлівы. — Са мной гэта часта здараецца, ды — нічога, я чуў, што і прафесары бываюць рассеяныя. «Полымя». // Які выказвае няўважлівасць. Рассеяны погляд.
рассе́яцца, ‑сеецца; зак.
1. Сеючыся, падаючы, рассыпацца ў розныя бакі, папасці ў розныя месцы. І бур’ян парос. Як хутка ён рассяліўся, рассеяўся па ўсім двары, па ўсёй вёсцы... Сачанка. Што гэта? [Лебядзіны] пух рассеяўся па зямлі? Бядуля.
2. Стаць рассеяным (у 3 знач.). Пучок святла рассеяўся.
3. Разысціся, разбегчыся ў розныя месцы, у розныя бакі. Пасля немцы зніклі, яны рассеяліся за дрэвамі, кустамі і сценамі і адтуль стралялі. Чорны. Натоўп на вуліцы паволі рассеяўся. Брыль. // Паступова радзеючы, знікнуць, разысціся (пра туман, дым і пад.). Туман, які нядаўна ахінаў вяршаліны бяроз на тым баку вуліцы, нечакана рассеяўся. Алешка. Калі дым рассеяўся, варожай пяхоты ў ляску ўжо не відно было. Кулакоўскі. // перан. Прайсці, знікнуць (пра якое‑н. пачуццё). І не сплюшчыць мне воч, І трывога мая не рассеецца: Хіба жарты — усю ноч салаўі за аселіцай! Гілевіч.
рассе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што.
1. Раскідаць (зерне) пры сяўбе; пасеяць. — Прыехалі гэта мы ў ляды, рассеяла я жыта, — расказвала .. [маці] далей. Сіўцоў. // Раскідаць, рассыпаць што‑н. сыпкае ў розныя бакі, у розных месцах. Рассеяць мінеральныя ўгнаенні. □ Ты ведаеш, колькі ты рассееш па дарогах збожжа, пакуль будзеш вазіць снапы туды-сюды? Шашкоў.
2. Зрабіць рассеяным (у 3 знач.). Рассеяць энергію. Рассеяць святло.
3. Прымусіць разысціся, разбегчыся; разагнаць. У тую раніцу мы рассеялі батальён немцаў і спусціліся з гор на шашу, сціснутую з абодвух бакоў старымі альпійскімі вякамі. Хомчанка. // Аслабіць, зрабіць не такім густым (цемру, туман, дым і пад.). Ужо з-за дубоў.. выглянуў сярпом месячык, трохі рассеяў цемру. Галавач.
4. перан. Прымусіць прайсці, знікнуць (звычайна якое‑н. непрыемнае пачуццё). Старыя моцна ўзрадаваліся нечаканаму жыльцу: хоць ён крыху рассее іх адзіноцтва. Хадкевіч. Усе гэтыя пытанні мелі адну мэту — лепш азнаёміцца з вучнямі і трохі разварушыць іх, рассеяць нясмеласць і напружанасць. Колас.
рассіпе́цца, ‑сіплюся, ‑сіпішся, ‑сіпіцца; зак.
Разм. Пачаць моцна і доўга сіпець. Я штурхнула .. [гусака] нагой: рассіпеўся тут яшчэ! Савіцкі.
расскавыта́цца, ‑вычуся, ‑вычашся, ‑вычацца; зак.
Разм. Пачаць моцна і доўга скавытаць. Сабака расскавытаўся.
расскака́цца, ‑скачуся, ‑скачашся, ‑скачацца; зак.
Разм.
1. Захапіўшыся скокамі, пачаць многа скакаць.
2. Скачучы, набраць большую скорасць (пра каня).
расскаро́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад расскародзіць.
расскаро́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да расскародзіць.
расскаро́дзіць, ‑роджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.
Разм. Добра, старанна паскародзіць.
рассква́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Падсмажыць, выскварыць (сала).