рассе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што.
1. Раскідаць (зерне) пры сяўбе; пасеяць. — Прыехалі гэта мы ў ляды, рассеяла я жыта, — расказвала .. [маці] далей. Сіўцоў. // Раскідаць, рассыпаць што‑н. сыпкае ў розныя бакі, у розных месцах. Рассеяць мінеральныя ўгнаенні. □ Ты ведаеш, колькі ты рассееш па дарогах збожжа, пакуль будзеш вазіць снапы туды-сюды? Шашкоў.
2. Зрабіць рассеяным (у 3 знач.). Рассеяць энергію. Рассеяць святло.
3. Прымусіць разысціся, разбегчыся; разагнаць. У тую раніцу мы рассеялі батальён немцаў і спусціліся з гор на шашу, сціснутую з абодвух бакоў старымі альпійскімі вякамі. Хомчанка. // Аслабіць, зрабіць не такім густым (цемру, туман, дым і пад.). Ужо з-за дубоў.. выглянуў сярпом месячык, трохі рассеяў цемру. Галавач.
4. перан. Прымусіць прайсці, знікнуць (звычайна якое‑н. непрыемнае пачуццё). Старыя моцна ўзрадаваліся нечаканаму жыльцу: хоць ён крыху рассее іх адзіноцтва. Хадкевіч. Усе гэтыя пытанні мелі адну мэту — лепш азнаёміцца з вучнямі і трохі разварушыць іх, рассеяць нясмеласць і напружанасць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)