рассе́яцца, ‑сеецца; зак.
1. Сеючыся, падаючы, рассыпацца ў розныя бакі, папасці ў розныя месцы. І бур’ян парос. Як хутка ён рассяліўся, рассеяўся па ўсім двары, па ўсёй вёсцы... Сачанка. Што гэта? [Лебядзіны] пух рассеяўся па зямлі? Бядуля.
2. Стаць рассеяным (у 3 знач.). Пучок святла рассеяўся.
3. Разысціся, разбегчыся ў розныя месцы, у розныя бакі. Пасля немцы зніклі, яны рассеяліся за дрэвамі, кустамі і сценамі і адтуль стралялі. Чорны. Натоўп на вуліцы паволі рассеяўся. Брыль. // Паступова радзеючы, знікнуць, разысціся (пра туман, дым і пад.). Туман, які нядаўна ахінаў вяршаліны бяроз на тым баку вуліцы, нечакана рассеяўся. Алешка. Калі дым рассеяўся, варожай пяхоты ў ляску ўжо не відно было. Кулакоўскі. // перан. Прайсці, знікнуць (пра якое‑н. пачуццё). І не сплюшчыць мне воч, І трывога мая не рассеецца: Хіба жарты — усю ноч салаўі за аселіцай! Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)