Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

суме́шчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сумясціць.

2. у знач. прым. Разлічаны на адначасовае выкананне чаго‑н. Сумешчаны графік. // Які аб’ядноўвае ў сабе элементы розных збудаванняў. Сумешчаны санвузел.

сумёт, ‑а, М ‑мёце, м.

Намеценая ветрам гурба снегу. Ужо больш месяца ляжыць снег, намяло высокія сумёты на вуліцы, на гародах. Шамякін. Адна дэталь, і чытач ужо бачыць снежныя сумёты, чуе, як рыпіць снег. Грахоўскі.

сумётны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сумётаў; намецены ветрам (пра снег). Сымон так і не абіраў сёлета рабіну. У садку зіма гурбы снегу намяла, і дрэва ажно гарэла на фоне тае сумётнай белі. «Звязда».

сумёцісты, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты сумётамі. На сумёцістым раздарожжы прывітае знаёмым шумам старая .. сасна. Вялюгін.

2. Падобны на сумёт. Адвярнуўся [Сахрон], пачаў глядзець зноў на неба, на тыя белыя, сумёцістыя аблокі, што ўсё плылі і плылі, беглі і беглі некуды ўдалячынь... Сачанка.

су́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Выраб са скуры, тканіны і пад., звычайна з ручкамі, прызначаны для нашэння чаго‑н. Гаспадарчая сумка. Прадуктовая сумка. Паштальёнская сумка. □ [Кандуктар] час ад часу папраўляла раменьчык сва[ёй] кандуктарск[ай] сумкі, каб не так рэзала плячо. Пальчэўскі. Нават смешна было глядзець на .. [Янука]: ватоўка расхрыстана, сумка з кнігамі закінута за спіну, шапка з’ехала на патыліцу. Хадкевіч. // Пра выраб такога тыпу для грошай і некаторых прыналежнасцей жаночага туалету.

2. У анатоміі — орган, які мае выгляд полага мяшэчка са злучальнай тканкі. Сардэчная сумка. Сустаўная сумка.

3. У некаторых жывёл — поласць, складка скуры на жываце мацеры, дзе даношваецца і развіваецца дзіцяня.

4. Орган у некаторых грыбоў, у якім развіваюцца споры.

•••

Палявая сумка — сумка, у якой ваенныя носяць планы, карты.

Санітарная сумка — сумка з наборам медыкаментаў і перавязачных сродкаў, неабходных для першай дапамогі.

сумле́нна, прысл.

З годнасцю, як належыць. На судзе .. [Клінцэвіч] трымаўся смела і бадзёра, як чалавек, які сумленна выканаў свой абавязак перад партыяй і народам. Машара. Я ведаю толькі, што вашы сыны Сумленна, па-людску загінулі. Аўрамчык. [Лена:] — Жыві, Алесь, сумленна, любі людзей, рабі для іх усё, што можаш зрабіць, а шчасце само прыйдзе. Ваданосаў. // Старанна, шчыра. Працу [бабка Параска] любіла і працавала сумленна, бо іначай ёй нельга было жыць. Колас. Міша Грузд сумленна выканаў даручэнне. Адрас Віці, які яму далі ў настаўніцкай, нельга было ні забыць, ні пераблытаць. Жычка. // Без хітрасцей, выкручвання. [Міхал:] — Наадварот, я хачу, каб іх [законы] выконвалі сумленна. Карпаў. // Без падману, ашуканства, хлусні. Мы працавалі горача, каб ты Стаў сапраўды, рубель наш, залатым! Зароблены сумленна, ты ў хаты Нясеш усё, чым наш Саюз багаты. Панчанка. [Дзядзька Іван:] — Не ўмеў [зяць] сумленна з працы жыць, дык цяпер вось разлічваецца... Васілевіч.

сумле́ннасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць сумленнага. Сумленнасць намераў.

2. Сумленныя паводзіны, сумленныя адносіны да каго‑, чаго‑н. Жыццё ж людзей ідзе ў працы, у клопатах аб лепшым, якое не прыходзіць само, а заваёўваецца сумленнасцю чалавека, яго працай. Кавалёў.

сумле́нне, ‑я, н.

Маральная ацэнка сваіх дзеянняў і ўчынкаў на аснове разумення абавязку перад грамадствам, радзімай, калектывам, сям’ёй. І не магло быць іншага рашэння, Чым тое, што падказана сумленнем: Памерці, а свабоду адстаяць! Жычка. Сэрца і чыстае сумленне патрабавалі не маўчаць. Няхай. Работа ў гаспадароў была гэтакая, што калі і не калупацца з ёю, дык сумленне вельмі мучыць не будзе. Чорны. // Пра найбольш сумленных, справядлівых, адказных за свае паводзіны прадстаўнікоў якога‑н. калектыву, грамадства і пад. За партыю мы тост свой узнімаем, Яна сумленне нашае і сцяг. Астрэйка.

•••

Для ачысткі сумлення гл. ачыстка.

Здзелка з сумленнем гл. здзелка.

Са спакойным (з чыстым) сумленнем — будучы ўпэўненым у правільнасці сваіх учынкаў, дзеянняў, зусім спакойна (рабіць што‑н.).

Сумленне загаварыла — стала сорамна.

сумле́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца высокімі маральнымі якасцямі. [Купала] лічыў, што свяшчэнным абавязкам кожнага сумленнага чалавека з’яўляецца самаадданае змаганне за родную зямлю. Гіст. бел. сав. літ. Паліна Галавач была жонкай сумленнага чалавека, савецкага афіцэра Кузьмы Галавача. Новікаў. // Уласцівы чалавеку з такімі якасцямі. Сумленным сэрцам ты ў ім Іводгулле адрозніш І ворагаў і сяброў галасы. Аўрамчык. // Не здольны ўкрасці, не схільны да крадзяжу. Пакрыўджаная за сына, маці не змоўчала, — Сам ты злодзей, — адказала яна [п’янаму], а сын мой сумленны, нічога ў цябе ён не ўкраў. Галавач. Слабы замок бараніў дабро толькі ад сумленных людзей і вісеў так сабе, на, пострах. Бядуля. // Старанны, шчыры. Дзед Баўтрук быў работнік сумленны. Гарачкі ў рабоце не пароў, а рабіў паважна, але гладка і акуратна. Колас. // Які выказвае праўдзівасць характару, адкрыты (пра твар, погляд і пад.). Рыбаковы сумленныя вочы Схаладзелі на міг, нібы лёд. Панчанка.

2. Згодны з паняццем сумленнасці. Сумленныя паводзіны. □ [Дзімін:] — Ты [Максім Сцяпанавіч], напрыклад, лічыш сумленным, што ўладзіў пасынка ў інстытут. Карпаў. // Які вынікае з адносін да сваіх абавязкаў; атрыманы дзякуючы такім адносінам. Зарабіць, сумленны кавалак хлеба. □ Хоць не кожны хай мае партыйны білет, Але ў працы сумленнай мы ўсе — камуністы. Прыходзька.

3. Нічым не заплямлены, бездакорны. Сумленнае імя. // Якая захоўвае свой жаночы гонар. Сумленная дзяўчына, пакуль сваты не ў хату — і гаварыць употай не стане. Лупсякоў.

су́мна,

1. Прысл. да сумны.

2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё суму, якое адчувае хто‑н. Карызну стала сумна, маркотна, як чалавеку, які разлучыўся з блізкімі людзьмі. Зарэцкі. [Толю] стала сумна сядзець тут аднаму. Якімовіч. Як ні старалася Граноўская, каб гасцям не было сумна, нічога з гэтага не выходзіла. Гурскі.