сумленне, ‑я, н.
Маральная ацэнка сваіх дзеянняў і ўчынкаў на аснове разумення абавязку перад грамадствам, радзімай, калектывам, сям’ёй. І не магло быць іншага рашэння, Чым тое, што падказана сумленнем: Памерці, а свабоду адстаяць! Жычка. Сэрца і чыстае сумленне патрабавалі не маўчаць. Няхай. Работа ў гаспадароў была гэтакая, што калі і не калупацца з ёю, дык сумленне вельмі мучыць не будзе. Чорны. // Пра найбольш сумленных, справядлівых, адказных за свае паводзіны прадстаўнікоў якога‑н. калектыву, грамадства і пад. За партыю мы тост свой узнімаем, Яна сумленне нашае і сцяг. Астрэйка.
•••
Для ачысткі сумлення гл. ачыстка.
Здзелка з сумленнем гл. здзелка.
Са спакойным (з чыстым) сумленнем — будучы ўпэўненым у правільнасці сваіх учынкаў, дзеянняў, зусім спакойна (рабіць што‑н.).
Сумленне загаварыла — стала сорамна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)