Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

малпападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на малпу.

ма́лпачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш. да малпа; невялікая малпа.

ма́лпін, ‑а.

Які мае адносіны да малпы, належыць ён. Малпіна футра. // Зроблены, пашыты з футра малпы. Малпін каўнер.

малпі́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, як у малпы. Разам з Захарам Зубцом яны тузаліся з невялікім дзёрзкім казачком з малпінымі губамі. Пестрак.

малпо́ўня, ‑і, ж.

Памяшканне для малп.

малпяня́ і малпянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня малпы.

малы́, ‑ая, ‑ое.

1. Нязначны па велічыні, памерах; невялікі. Наша школа здалася нам, помню, малой І малым здаўся сад, і малым — школьны двор... Куляшоў. Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы, то крывы. Шыцік. // Невялікі ростам, нізкі. І дуб-крапак і куст малы Стаяць у мудрым задуменні. Колас. // Не доўгі, кароткі. У момант праскочыць .. [хутаранец] з мястэчка на хутар. Аж шкода, што гэтакая малая дарога. Чорны.

2. Нязначны па колькасці. Малы атрад. // Нядоўгі (пра час). Праз малы час .. [Бумажкоў] назначаецца дырэктарам.. завода. Чорны.

3. Меншы, чым патрэбна. Малыя туфлі.

4. Які праяўляецца ў нязначнай ступені, слабы. Пагашаюць яны [вятры] аганёчак малы, А вялікі — крапчэй раздуваюць. Багдановіч. // Які не мае істотнага значэння; малаважны. І дзіўна стала: з гэтай малой справы, з гэтых гаворак пачалося штосьці большае. Чорны.

5. Які займае нязначнае службовае або грамадскае становішча. Нічым [мае знаёмыя] не слаўны і не значны, Усё людзі простыя, малыя. Колас.

6. Малалетні. Марта з двума малымі дзецьмі жыла на выгане ў старой хатцы. Бядуля. / у знач. наз. малы́, ‑ога, м.; мало́е, ‑ога, м.; мала́я, ‑ой, ж. Кастусь выязджаў ужо з двара, калі выбег з агарода Юзік і з плачам кінуўся наўздагон. Хлопец прыпыніў .. [каня] і ўзяў малога на воз. С. Александровіч.

7. У складзе некаторых назваў і ўласных імён. Малы тэатр. Малая канферэнц-зала.

•••

Малая калорыя гл. калорыя.

Малая Мядзведзіца гл. мядзведзіца.

Малая скорасць (спец.) гл. скорасць.

Малы ход гл. ход.

Малыя формы гл. форма.

Ад малога да вялікага — усе да аднаго, абсалютна ўсе.

Без малога — амаль (не), чуць (не).

Бяда малая гл. бяда.

З малых гадоў (год) гл. год.

І стары і малы гл. стары.

Самае малое — найменш.

малы́ш, ‑а, м.

Разм. Маленькі хлопчык, дзіця. Да паласатага шлагбаума спускалася чародка малышоў у белых панамках. Даніленка. І ўпершыню ў сваіх калысках Заснулі ціха малышы. Астрэйка.

малы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Жан. да малыш.

мальба́, ‑ы, ж.

Вельмі моцная просьба. Васілёк ведаў, што з дзедам заўсёды цікава хадзіць, таму з мальбой у голасе папрасіў: — Дзядуля, вазьміце і мяне з сабой! Рылько.