Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

першаразра́дны, ‑ая, ‑ае.

Аднесены да першага разраду (па якой‑н. класіфікацыі). Першаразраднае атэлье. Першаразрадны рэстаран.

першаро́дзячая,

Якая родзіць упершыню. Першародзячая жанчына. // у знач. наз. першаро́дзячая, ‑ай, ж. Тая, што родзіць упершыню.

першаро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Які нарадзіўся першым, раней за ўсіх астатніх. Першарадны сын.

2. перан. Кніжн. Які захоўвае свой натуральны стан, некрануты. Удалечыні ад заводскіх гудкоў, шуму вялікіх гарадоў.. [у Карпатах] пануе першародная цішыня. «Звязда». [Веньямін:] — Перад намі некранутая першародная прыгажосць. Будзем жа убіраць яе вачамі і вушамі, удыхаць грудзямі. Навуменка. Вунь зубастым каўшом праразае канаву Экскаватар праз глей першародных пластоў. Звонак. // Першапачатковы. Заўсёды, як гляне даўніна сівая У вочы, нібыта настаўнік суровы, Свой сэнс першародны тады набываюць І фарбы і гукі, пачуцці і словы. Панчанка. Многія з запісаных этнографам варыянтаў даюць магчымасць сцвярджаць, што пэўныя беларускія народныя песні, якія спяваюцца цяпер і вядомы вельмі шырока, «выраслі» з тых, што бытавалі ў першароднай форме ў XIX ст. і яшчэ раней. Саламевіч.

першаро́дства, ‑а, н.

1. Уст. Старшынство па нараджэнню сярод братоў.

2. перан. Кніжн. Права старэйшага, першага, вядучага. Страціць права першародства. // Першааснова чаго‑н. Шатландзец пачынае цудоўна гаварыць па-беларуску, не страчваючы пры гэтым ні кроплі свайго шатландскага першародства. Зарыцкі.

першасвяшчэ́ннік, ‑а, м.

Уст.

1. Вярхоўны жрэц у некаторых старажытных народаў.

2. Духоўная асоба вышэйшага сану.

пе́ршаснасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць першаснага (у 1 знач.). У духу Чарнышэўскага .. [Максім Багдановіч] гаварыў і аб першаснасці прыгожага ў натуры, а не ў мастацтве. Лойка.

пе́ршасны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Які з’яўляецца першай, зыходнай ступенню чаго‑н.; першапачатковы. Матэрыя — першасная, свядомасць — другасная. Першасная абмотка трансфарматара. Першаснае значэнне слова. □ Будынак.. царквы неаднаразова перабудоўваўся і рамантаваўся, і даследчыку прыйшлося карпатліва ўстанаўліваць першасны варыянт яго. Ліс. // у знач. наз. пе́ршаснае, ‑ага, н. Першааснова, сутнасць чаго‑н. Ды той «халодны» разлік амаль ніколі не забіваў «цеплыні» пачуццёвага — першаснага ў паэзіі. Лойка.

2. Які ўзнікае, утвараецца на першай, пачатковай стадыі чаго‑н. Першасныя крышталічныя пароды. Першасныя солі.

першасо́ртны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і першагатунковы.

першаствара́льнік,

Той, хто першы стварае што‑н.

першаступе́нны, ‑ая, ‑ае.

Найважнейшы, галоўны; першарадны. Пісар сядзеў усё ў той жа постаці надзвычай сур’ёзнага чалавека, нібы ён ратаваў першаступенныя пытанні часу. Колас.