першаро́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які нарадзіўся першым, раней за ўсіх астатніх. Першарадны сын.
2. перан. Кніжн. Які захоўвае свой натуральны стан, некрануты. Удалечыні ад заводскіх гудкоў, шуму вялікіх гарадоў.. [у Карпатах] пануе першародная цішыня. «Звязда». [Веньямін:] — Перад намі некранутая першародная прыгажосць. Будзем жа убіраць яе вачамі і вушамі, удыхаць грудзямі. Навуменка. Вунь зубастым каўшом праразае канаву Экскаватар праз глей першародных пластоў. Звонак. // Першапачатковы. Заўсёды, як гляне даўніна сівая У вочы, нібыта настаўнік суровы, Свой сэнс першародны тады набываюць І фарбы і гукі, пачуцці і словы. Панчанка. Многія з запісаных этнографам варыянтаў даюць магчымасць сцвярджаць, што пэўныя беларускія народныя песні, якія спяваюцца цяпер і вядомы вельмі шырока, «выраслі» з тых, што бытавалі ў першароднай форме ў XIX ст. і яшчэ раней. Саламевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)