Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

маршчы́ніцца, ‑ніцца; незак.

Пакрывацца маршчынамі, збірацца ў маршчыны; моршчыцца (пра скуру). І твар маршчыніцца цярпеннем, і точыць сэрца горыч слёз. Машара. // перан. Пакрывацца рабізною (пра паверхню вады). Рака то супакойвалася на момант, то зноў, узрушаная новым парывам ветру, ўздрыгвала, маршчынілася нават у зацішку, нібы ёй было холадна. Ваданосаў.

маршчы́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.

Утвараць маршчыны на твары; моршчыць. Глядзяць кудысь углыб вочы дзедавы, несупынныя думкі яшчэ больш маршчыняць яго лоб. Колас. І маршчынілі маці аблічча весткі сумныя з позніх дарог. Машара. // перан. Утвараць рабізну (пра паверхню вады). Вада была спакойнай, толькі маленькія хвалькі ад ветру маршчынілі яе паверхню. Краўчанка.

маршчы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш. да маршчына; невялікая маршчына.

маршырава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. маршыраваць.

маршырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Хадзіць, ісці маршам. Удзень афіцэры выводзілі салдат на выган за вёску і вучылі іх маршыраваць. Галавач. Насустрач Карніцкаму маршыраваў партызанскі ўзвод. Паслядовіч. // Хадзіць, ісці мерным шагам, па-ваеннаму. Пад вечар .. [Зыгмусь] выходзіў палявой дарогай з маёнтка на гасцінец і .. важна маршыраваў .. у мястэчка. Брыль.

маршыро́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да маршыроўкі.

маршыро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. маршыраваць; маршыраванне.

ма́рыва, ‑а, н.

Трымцячы слой цёплага паветра каля паверхні зямлі ў гарачае надвор’е; смуга. Сонца падымалася ўсё вышэй і вышэй, і цяпер далёка на даляглядзе трымцела-пералівалася ледзь прыкметнае марыва. Даніленка. Сонца горача прыпякала. Зняможаная зямля трапятала ў блакітным марыве. Новікаў.

мары́ец,

гл. марыйцы.

мары́йка,

гл. марыйцы.