Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лі́тарны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да літары, літар, уласцівы ім. Літарнае абазначэнне.

2. Абазначаны літарай, а не лічбай. Тэатральная літарная ложа.

літасфе́ра, ‑ы, ж.

Верхняя цвёрдая абалонка зямнога шара.

лі́тасцівасць і літасці́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць літасцівага.

лі́тасцівы і літасці́вы, ‑ая, ‑ае.

Схільны да літасці; спачувальны, спагадлівы. Літасцівае сэрца. □ Жыццё ўсяму навучыць: Ад шчасця да бяды — Адзін, як кажуць, крок, І ад яе мы не застрахаваны... Дык ад гаротніка не адварочвайся убок, Будзь літасцівы, чалавечны і гуманны! Валасевіч.

•••

Божа (божачка) літасцівы! гл. бог.

лі́тасць, ‑і, ж.

Добрыя, велікадушныя адносіны. Давалі людзі ёй дарады, Куды схадзіць, каго спытаць. Хадзіла, мер[а]ла прысады, Каб літасць, праўду напаткаць. Колас. // Жаласць, спагада. Вялікія светлыя вочы [дзяўчыны] глянулі на мяне з мальбой і страхам, нібы прасілі літасці. Ваданосаў. Вядома, праўленне не дасць ніякай літасці гультаям, раскрадальнікам грамадскага дабра. Паслядовіч. // Памілаванне; міласць. [Сцяпан Іванавіч:] — Пападзешся — літасці не чакай, вораг люты і небяспечны. Новікаў.

•••

Без літасці — а) жорстка, строга, сурова; б) неміласэрна, не шкадуючы. Мучыць кашаль, загрызаюць да смерці камары, без літасці пячэ сонца... Васілевіч.

Здацца на літасць каго гл. здацца.

Мець літасць гл. мець.

Не даваць літасці гл. даваць.

літа́ўры, ‑аў; адз. літаўра, ‑ы, ж.

Ударны музычны інструмент у выглядзе катла, верх якога абцягнуты скурай. Біць у літаўры.

[Ад грэч. poly — многа і taurea — барабан.]

літаўры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Музыкант, які іграе на літаўрах.

літахрамі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.

Спец. Друкаваць літаграфскім спосабам у фарбах. Літахраміраваць рысунак.

літахрамі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Выкананы літаграфскім спосабам у фарбах. Літахрамічная карціна.

літгуртко́вец, ‑коўца, м.

Удзельнік літаратурнага гуртка.