Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перхлара́т, ‑у, М ‑раце, м.

Спец. Соль хлорнай кіслаты.

[Ад лац. per — звыш і слова хларат.]

пе́рца, ‑а, н.

1. Памянш. да пяро.

2. Ліст цыбулі.

пе́рцавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да перцу. Перцавы струк. // Прыгатаваны з перцу, з перцам. Перцавы соус.

2. у знач. наз. пе́рцавыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, да якога адносіцца перад і інш.

перцае́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Птушка атрада дзятлападобных, якая мае яскравую афарбоўку і вельмі доўгую дзюбу з зазубрынамі па краях; тукан.

пе́рці, пру, прэш, прэ; пром, праце, пруць; пр. пёр, перла; заг. пры; незак.

Разм.

1. Ісці, рухацца, лезці куды‑н., не зважаючы на перашкоды, без дазволу. — Таварыш камандзір, — пачаў Мікола, — немцы... Проста па балоце пруць... Шчарбатаў. [Ігар] пёр праз хмызняк напралом, ломячы сучча. Ваданосаў. У вёску .. [ваўкі] баяцца хадзіць, а сюды, на хутар, пруць. Сабаленка. // Ісці, рухацца вельмі шпарка. Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі, Бяжыць, як можа, без аглядкі. Колас. З гулкім грукатам, з шумам і звонам За адным прэ другі эшалон. Непачаловіч. Азірнуўся я — і аслупянеў. Па дарозе на мяне прэ ваўкадаў. Кудравец. // Ісці вялікай колькасцю, натоўпам; валіць. Чуць заняўся ўсход Неба яснай зарой, Прэ на поле народ З бараной і сахой. Купала. Вады зараз нагнала, а.. [рыбы] на мелкаводдзе з віроў пруць. Савіцкі. // перан. Імкнучыся дасягнуць чаго‑н., дзейнічаць рашуча, настырна. Было такое — хацеў закруціць з.. [Юлькай]. Толькі хіба са сваёй асцярожнасцю мог устаяць супроць Анкуды, які пер напралом? Карамазаў. Хто ж будзе займацца тымі, якія ўсякімі абходнымі .. сцежкамі пруць у навуку? «ЛіМ».

2. каго-што. Гнаць, выганяць. Праўду тады ў сорак першым казалі, што будуць фашыстаў назад перці так, што драпака даць яны не ўправяцца... Мележ. [Падбярэцкі:] — Андрэй і так і сяк: «Астынь...» А яна: «Вон, і ўсё...» І яго прэ вон разам са мной. Пташнікаў.

3. Выбівацца, выходзіць, вылазіць на паверхню. [Туравец:] «Высеклі безліч [дрэў] каля чыгункі, а лес застаўся. І на высечцы хмызняк вунь прэ...» Мележ. А газ, як на тое ліха, усё прэ і прэ... Вырываецца на прастор. Шыловіч. Пруць з-пад карчоў паганкі, Мох абляпіў дубы. Грачанікаў. / у перан. ужыв. «Ну і фантазія! — думаў.. [Прыборны]. — Так і пруць з .. [Лясніцкага] гэтыя выдумкі». Шамякін. // безас. З сілай выштурхваць што‑н.

4. каго-што. Несці, валачы што‑н. цяжкае, грувасткае. Прэ дзядок старэнькі з лесу Дроў бярэмя, як падняць. Васілёк. [Вольга:] — Я павінна гэтыя яблыкі перці, а ён балюе... Савіцкі.

5. што. Груб. Аддаваць, даваць каму‑н. што‑н. у вялікай колькасці, больш чым патрэбна. А чаму сытыя [каровы]? Бо Пятро другім кармоў недадае, а ўсё тым, Лідзіным, прэ. Ваданосаў.

6. перан.; што. Груб. Прагна есці; жэрці. [Тадора:] — Гэта сала будзе з гэтакага догляду... А нябось, як на скаварадзе паставяць, дык прэш, аж нос гнецца. Крапіва.

•••

З горла прэ — тое, што і з горла лезе (гл. лезці).

Цераз верх перці ў каго — пра лішак, вялікую колькасць чаго‑н.

пе́рціся, пруся, прэшся, прэцца; промся, працеся, пруцца; пр. пёрся, церлася; заг. прыся; незак.

Разм. Тое, што і перці (у 1 знач.). — Куды не ў чаргу прэшся! Паклічуць, як будзе пара!.. Чарот. [Халімоніха:] — Выдумала перціся сярод ночы ў такую далеч, цераз лясы, цераз балоты! Мележ.

•••

Перціся на ражон — тое, што і лезці на ражон (гл. лезці).

перцыпі́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перцыпіраваць.

перцыпі́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да перцыпіраваць.

перцыпі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Спец. Непасрэдна ўспрыняць (успрымаць) аб’ектыўную рэальнасць, якая дзейнічае ў дадзены момант на органы пачуццяў.

[Лац. percipere — успрымаць, адчуваць, разумець.]

перцэпіе́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Спец. Чалавек, які успрымае мысленныя сігналы, што пасылаюцца пры правядзенні тэлепатычных доследаў іншым чалавекам.