сульфідзі́н, ‑у, м.
Лекавы прэпарат, які ўжываецца пры лячэнні захворванняў, выкліканых кокамі.
сульфі́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сульфідаў, змяшчае ў сабе сульфіды. Сульфідныя руды.
сульфі́ды, ‑аў; адз. сульфід, ‑у, М ‑дзе, м.
Злучэнні серы з рознымі металамі; сярністыя металы.
[Ад лац. sulphur — сера.]
сульфіта́цыя, ‑і, ж.
Кансерваванне садавіны і гародніны сярністай кіслатой. Сульфітацыя яблыкаў.
сульфі́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сульфітаў, змяшчае ў сабе сульфіты. Сульфітныя сумесі. // Які атрымліваецца з дапамогай сульфітаў, апрацоўваецца сульфітамі. Сульфітная цэлюлоза.
сульфі́ты, ‑аў; адз. сульфіт, ‑у, М ‑фіце, м.
Солі сярністай кіслаты. Сульфіт натрыю.
[Ад лац. sulphur — сера.]
сум, ‑у, м.
1. Пачуццё смутку, жалю, душэўнай горычы. Неадольны сум застыў у карых вачах [Івана]. Новікаў. — Усё вельмі проста, — у Міколавым голасе непрыхаваны сум. Навуменка. З глыбокім сумам глядзіць стары. Клышка. // Тое ж самае пачуццё, але больш лёгкае і светлае; журба. У .. голасе [Антаніны Міхайлаўны] нават чулася нотка суму і спачування. Колас. І думкі новыя і сум нязведаны, салодкі. Брыль. Васіль Паўловіч трошкі з сумам, але і з гонарам успамінае тыя цяжкія, складаныя дні. Кулакоўскі. Ціхі сум вачэй дзявочых Павязу ў сядле з сабою. Панчанка.
2. Душэўная трывога ў спалучэнні са смуткам, маркотай; туга. Апусцелыя лугі і палі навявалі сум. Чарнышэвіч. Максіма зноў агарнуў сум астрожных будняў. Машара. Але ў тую ж хвіліну .. [Асядовіча] апанаваў жудасны сум па дзецях. Чорны.
3. Пакутлівая маркота; нуда. [Яшчын:] — Якое ж можа быць жыццё без цвыркуна! Загінеш ад суму... Хадкевіч. Жыць люблю каля чыгункі, Тут не будзеш знацца з сумам. Прануза.
су́ма, ‑ы, ж.
1. Лік, які атрымліваецца ў выніку складання дзвюх або некалькіх велічынь. Сума двух лікаў.
2. Агульная колькасць, сукупнасць чаго‑н. Багдановіч класічна выкарыстоўваў і першы і другі сродак [метафару і эпітэт], абапіраючыся на суму сродкаў, а не на паасобныя з іх. Лойка. У суме дзесяці відаў праграмы юнак устанавіў новы рэкорд рэспублікі. Шыцік.
3. Пэўная колькасць грошай. [Вера Паўлаўна:] А большую суму на будаўніцтва вы не маглі вылучыць? Крапіва.
•••
Круглая (кругленькая) сума — пра вялікія грошы.
[Лац. summa.]
сумава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак.
1. Адчуваць сум, смутак; аддавацца душэўнай горычы. Недзе, далёка, Сумуе гаротная матка. Танк. Паблізу ад сябе .. [Марыля] чуе ласкавы, спачувальны голас: — Не сумуйце так, ле пакутуйце. Кулакоўскі. [Маці:] — А Надзя твая [Федзечка] вельмі сумуе. Часта да нас забягае і ўсё плача. Няхай. // Журыцца. Першыя дні, калі бацька паехаў у адпачынак, Надзейка, прыходзячы дадому, сумавала. Хадкевіч. [Цімох:] — А з добрымі людзьмі ніколі сумаваць не будзеш.. ніколі самотнай сябе не адчуеш. Дубоўка. Не пішы аб тым мне, Што ўсё сумуеш, Я таксама, знаю, Сёння не засну. Тарас. / у перан. ужыв. Сумуе клён у поплаве на грудзе. Русак.
2. па кім-чым. Адчуваць душэўную трывогу, маркоту; тужыць па кім‑, чым‑н. У першы дзень Міхась сумаваў па матцы. Якімовіч. Вось і тая зямля, дзе дужэў ты і рос, Па якой сумаваў столькі зім, столькі вёсен. Кірэенка. Скажу адно, можа, ніхто так не сумуе па цёплым слове з дому, як салдат. Скрыган. // Зазнаваць патрэбу ў чым‑н.; перажываць без чаго‑н. [Марына] нярэдка сумавала па заводу. Шахавец. І трэба сказаць — сумуюць па ёй [лесарубнай справе] яго багатырскія плечы! Якімовіч. // Маркоціцца (пра жывёл). Недзе ў хляве сумавала ахрыплым голасам цялё. Чорны.
3. Нудзіцца. У хаце, быццам у вуллі, Тут сумаваць няма калі! Барадулін. Прыходзіць дадому. Сумуе адзін... Якую прыдумаць работу? Бялевіч. // Знаходзіцца ў бяздзейнасці (пра рэчы). І стаяць, сумуюць санкі, Не знайсці хлапцам гулянкі, Бо не выпаў снег. Кірэенка.
су́мавы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які характарызуе што‑н. з боку вартасці, грашовай сумы. Сумавае выражэнне плана.