сум, ‑у, м.
1. Пачуццё смутку, жалю, душэўнай горычы. Неадольны сум застыў у карых вачах [Івана]. Новікаў. — Усё вельмі проста, — у Міколавым голасе непрыхаваны сум. Навуменка. З глыбокім сумам глядзіць стары. Клышка. // Тое ж самае пачуццё, але больш лёгкае і светлае; журба. У .. голасе [Антаніны Міхайлаўны] нават чулася нотка суму і спачування. Колас. І думкі новыя і сум нязведаны, салодкі. Брыль. Васіль Паўловіч трошкі з сумам, але і з гонарам успамінае тыя цяжкія, складаныя дні. Кулакоўскі. Ціхі сум вачэй дзявочых Павязу ў сядле з сабою. Панчанка.
2. Душэўная трывога ў спалучэнні са смуткам, маркотай; туга. Апусцелыя лугі і палі навявалі сум. Чарнышэвіч. Максіма зноў агарнуў сум астрожных будняў. Машара. Але ў тую ж хвіліну .. [Асядовіча] апанаваў жудасны сум па дзецях. Чорны.
3. Пакутлівая маркота; нуда. [Яшчын:] — Якое ж можа быць жыццё без цвыркуна! Загінеш ад суму... Хадкевіч. Жыць люблю каля чыгункі, Тут не будзеш знацца з сумам. Прануза.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)