малі́ннік, ‑у, м., зб.
Зараснік малін. Ад дарогі і аж да самага .. лесу цягнуліся радкі бульбы, за ёю, як лясны падгон, стаяў маліннік. Дуброўскі. Гулі над маліннікам працавітыя пчолы. Шашкоў. // Галінкі малін. [Аннушка:] — Выпі вару з маліннікам. Я табе драбок цукру знайду. Няхай.
малі́ны, ‑лін.
1. Кустовая ягадная расліна сямейства ружакветных. Па вішнях і яблынях сонца разліта, Яно над кустамі парэчак, малін. Броўка.
2. зб. Пахучыя салодкія ягады гэтай расліны, звычайна цёмна-чырвонага колеру. Збіраць маліны.
малі́тва, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. маліцца (у 1 знач.); маленне. Малітва скончылася, і людзі ўздыхнулі вальней, заварушыліся, устаючы з каленяў. Арабей.
2. Тэкст, які чытаюць веруючыя, калі звяртаюцца да бога ці святых. Шырокае скляпенне Нясвіжскага парафіяльнага касцёла адбівала ад сябе ціхія словы ксяндзоўскай малітвы. Чорны. Шаптала [маці] свае, зусім новыя словы малітвы. Брыль.
малі́твеннік, ‑а, м.
Кніга, у якой сабраны малітвы.
малі́твены, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да малітвы. // Прызначаны для малітвы. Малітвены дом.
ма́ліца, ‑ы, ж.
Адзежа з капюшонам і рукавіцамі са шкуры аленя, якую носяць на Далёкай Поўначы. З нартаў саскочыў чалавек у маліцы — шырокай .. хантыйскай вопратцы, пашытай з аленевай шкуры ворсам усярэдзіну. «Маладосць».
малі́цца, малюся, молішся, моліцца; незак.
1. Звяртацца з малітвай да бога, святых. Акрамя няньчання дзяцей, у Васількі быў яшчэ адзін цяжкі абавязак — штодзень маліцца богу. Крапіва. А маці ноч бяссонную Малілася, каб бог Ад бед, ад гора чорнага Ёй сына пабярог. Панчанка. // перан. Вельмі моцна прасіцца. — Паночку, даражэнькі, — моліцца Сяргей, — няма ў мяне каня!.. Нікановіч.
2. перан.; на каго-што. Разм. Богатварыць, абагаўляць. [Маргарыта:] — Якія ж бываюць людзі, толькі падумаць! А Барыс жа на .. [Усевалада] маліўся. Скрыган. [Васіль:] — Я не намераны маліцца на лепшых звеннявых і на звенні, як вы робіце ў адносінах да Міхальчук. Шамякін.
малі́ць, малю, моліш, моліць; незак., каго і без дап.
Надта прасіць, умольваць. У ваччу ўстае Мікіта. Як прасіў, як маліў, як дакараў бацьку, каб вярнуўся на сход! Колас. — Вольга Назараўна! Толькі на вас і надзея! — маліла Ганна Лявонаўна. — Што ж мне рабіць, калі вы не дапаможаце? Корбан. І сэрцам [маці] маліла: хаця ж бы вярнуўся, хаця ж бы не ўбачылі сына фашысты. Гілевіч.
•••
Маліць бога — моцна жадаць чаго‑н.