купе́цтва, ‑а, н.
1. Купецкае саслоўе.
2. зб. Купцы (у 1 знач.).
куп’ё, ‑я, м., зб.
Купіны. Лес скончыўся, і пачалося сухое балота з высокім куп’ём, старымі абгарэлымі пнямі. Шамякін.
Купідо́н, ‑а, м. (з вялікай літары).
У антычнай міфалогіі — бог кахання ў выглядзе хлопчыка з лукам і стрэламі; Амур, Эрот.
купі́ла, ‑а, н.
Разм. Сродкі, грошы, за якія купляюць што‑н. — Трэба сваю зямлю купляць, — выказаў Міхал думку.. — Так то яно так, але дзе, браце, таго купіла ўзяць? — спытаў, памаўчаўшы, Амброжык. С. Александровіч.
ку́піна, ‑ы, ж.
Кучка зацвярдзелай зямлі на нізкім або балоцістым месцы, аброслая травой, мохам. Мохавая купіна на балоце. Зразаць купіны на лузе. Пераскокваць з купіны на купіну.
купі́раваны, ‑ая, ‑ае.
Падзелены на купэ. Купіраваны вагон.
купі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
1. Спец. Адрэзаць (адразаць), адсячы (адсякаць).
2. У медыцыне — ліквідаваць якую‑н. непажаданую з’яву. Купіраваць прыступ арытміі.
ку́пісты, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і куп’істы. На купістым балоце стаяў рэдзенькі і невысокі хмызняк. Федасеенка.
куп’і́сты, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты купінамі, з купінамі. Прастор, зарослы асакой, пераходзіць у куп’істае балота. Чорны.