сула́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць суладнага; гарманічнасць, суладжанасць, згоднасць. Маляўнічая прыродаапісальная лірыка здзіўляе і вабіць сваёй пластыкай, паўнатой і суладнасцю эмоцый. Бугаёў.
сула́дны, ‑ая, ‑ае.
1. з чым, чаму. Адпаведны чаму‑н., згодны з кім‑н. Не баіцца цяжкай плыні год, твор, суладны з вечнасці законам. Русецкі. Словы Журавенкі былі суладны Антонавым думкам — ён і сам гаварыў пра тое ж на сходзе. Савіцкі.
2. Аднадушны. — Не... Не было, — пачуўся суладны адказ. Шынклер. З набліжэннем дня збору суладны настрой у класе мацнеў. Шыловіч.
3. Суладжаны, дружны. А ў наваколлі аддаецца суладны, дружны стук калёс. Гаўрусёў. У .. дружнай руплівай працы ішлі напорыстыя пяцігодкі, поўнячы зямлю суладным гулам машын, суладным рухам працавітых рук. Лынькоў. // Стройны, гарманічны (пра спеў, музыку і пад.). У новых дамах іграюць баяны і гучаць суладныя песні — гэта брыгадзір тынкоўшчыкаў Мікола Завадскі, шафёр Іван Канапелька .. спраўляюць наваселле. Грахоўскі. І чуцён суладны гоман Каля рэчкі ў гаі. Прануза. І сосен гонкіх спеў суладны Сціхаў у ссечаным галлі. Кляўко.
сулема́, ‑ы, ж.
Ядавіты белы парашок хлорнай ртуці (ужываецца як сродак для дэзінфекцыі).
[Ад лац. sublimatum.]
сулемо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сулемы. Сулемовы раствор.
султа́н 1, ‑а, м.
У некаторых мусульманскіх краінах Усходу — спадчынны тытул манархаў. // Асоба, якая носіць гэты тытул. Потым, у дванаццатым стагоддзі, султан Абд-эль Мумін, першы султан з дынастыі Альмахадаў, заснаваў у гэтай мясцовасці ўмацаваны вайсковы лагер. В. Вольскі.
[Тур. sultan ад араб.]
султа́н 2, ‑а, м.
1. Упрыгожанне з пёраў ці конскіх валасоў на галаўных уборах, пераважна ў ваенных, а таксама на галовах коней пры ўрачыстых цырымоніях. [Станіслаў Юрага] быў апрануты ў сіні шынель з бліскучымі эпалетамі, на галаве ківер з султанам. С. Александровіч. // перан. Слуп, струмень пары, дыму і пад., які ўзнімаецца ўгору. Пералятаючы лінію фронту, [Сцяпанаў] зірнуў налева. Прыкмеціў над нямецкімі акопамі бурыя султаны разрываў снарадаў. Алешка. Полымя набрала сілу зноў, і дым чорнымі грывастымі султанамі ўзнімаўся высока ўгору і толькі там расплываўся. Савіцкі.
2. Суквецце многіх злакаў у выглядзе мяцёлкі. Султаны кукурузы.
султана́т, ‑а і ‑у, М ‑наце, м.
1. ‑а. Манархічная дзяржава, на чале якой стаіць султан 1.
2. ‑у. Улада султана 1.
султа́наў, ‑ава.
Які належыць султану 1. Спакойна, бы ў султанавым гарэме, ў краіне запаветнае красы, у мхах глыбокіх, бег спыніўшы, дрэмлюць забытае мінуўшчыны часы. Рудкоўскі.
султа́ніха, ‑і, ДМ ‑нісе, ж.
Разм. Жонка султана.
султа́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Марская прамысловая рыба атрада акунёвых.
султа́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да султана 1, належыць яму. Султанскі палац. // Які знаходзіцца пад уладай султана. Султанская дзяржава.