султан 1, ‑а, м.

У некаторых мусульманскіх краінах Усходу — спадчынны тытул манархаў. // Асоба, якая носіць гэты тытул. Потым, у дванаццатым стагоддзі, султан Абд-эль Мумін, першы султан з дынастыі Альмахадаў, заснаваў у гэтай мясцовасці ўмацаваны вайсковы лагер. В. Вольскі.

[Тур. sultan ад араб.]

султан 2, ‑а, м.

1. Упрыгожанне з пёраў ці конскіх валасоў на галаўных уборах, пераважна ў ваенных, а таксама на галовах коней пры ўрачыстых цырымоніях. [Станіслаў Юрага] быў апрануты ў сіні шынель з бліскучымі эпалетамі, на галаве ківер з султанам. С. Александровіч. // перан. Слуп, струмень пары, дыму і пад., які ўзнімаецца ўгору. Пералятаючы лінію фронту, [Сцяпанаў] зірнуў налева. Прыкмеціў над нямецкімі акопамі бурыя султаны разрываў снарадаў. Алешка. Полымя набрала сілу зноў, і дым чорнымі грывастымі султанамі ўзнімаўся высока ўгору і толькі там расплываўся. Савіцкі.

2. Суквецце многіх злакаў у выглядзе мяцёлкі. Султаны кукурузы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)