мартэ́н, ‑а, м.
Мартэнаўская печ.
[Фр. martin, ад імя французскага металурга П’ера Мартэна.]
мартэ́наўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да выплаўкі сталі ў мартэнах. Мартэнаўскі цэх. Мартэнаўская сталь.
мартэ́ншчык, ‑а, м.
Рабочы мартэнаўскага цэха.
мару́да, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Чалавек, які вельмі павольна ўсё робіць. — Узарві спачатку масты, пасля — вадакачку і стрэлкі. Толькі хутчэй, а то вы маруды! Шамякін.
мару́джанне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. марудзіць.
мару́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
Рабіць што‑н. вельмі павольна, доўга не пачынаць якой‑н. справы. — Ідзі да брыгадзіра, запражы каня ды толькі не марудзь. Гроднеў. Каб паправіць становішча, трэба было хутчэй укараняць усе прапановы рабочых. А Булай чамусьці зноў марудзіў. Шыцік. // перан. Выказваць нерашучасць, быць нерашучым; муляцца. — Ёсць у мяне і больш складаная работа, але вельмі небяспечная. — сказаў Былінскі. — Якая? — Спецыяльная, — марудзіў з адказам Былінскі. — Рызыкаваць трэба. Гурскі. — Адчыняйце [веснічкі], дзядзька Іван, — падганяў Богдан Бобрыка, калі той марудзіў, пераступаючы з нагі на нагу. Дуброўскі.
мару́длівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць марудлівага. Больш за ўсіх ад Гаварушкі даставалася самому Дземідовічу за яго непаваротлівасць, за яго сялянскую марудлівасць. Лобан.
мару́длівы, ‑ая, ‑ае.
Які павольна, без паспешлівасці робіць што‑н. [Якуб] скрозь сачыў за Сініцкім, не зводзячы з яго гарачых вачэй, як дзіця з марудлівага бацькі, што, прыехаўшы з кірмашу, ніяк не збярэцца паказаць прывезенага гасцінца. Зарэцкі.
мару́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць маруднага. Маруднасць, з якой машыны праходзілі месца нядаўняга разгрому, пачынала нерваваць [маёра]. Шамякін.
мару́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Павольны, няспешны; проціл. хуткі. Жанчына асцярожна павярнулася.. і пайшла ў кватэру марудным крокам. Бядуля. Хада.. [рысі] была цяжкая і марудная, яна ледзь рухалася. В. Вольскі.
2. Непаваротлівы. У жніўны дзень на вуліцы бязлюдна. Нават бэз заснуў каля дзвярэй. Толькі певень, млявы і марудны, Кліча частаваць сваіх курэй. Караткевіч.
3. Карпатлівы. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль.