Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

марселье́за, ‑ы, ж.

Французская рэвалюцыйная песня, якая стала потым нацыянальным гімнам Францыі. Загрымеў пляск апладысментаў, а хтосьці паспеў зацягнуць марсельезу. Гартны.

[Фр. Marseillaise, ад назвы горада Марсель.]

ма́рсельны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да марселя. Марсельная мачта.

марсія́не, ‑ян; адз. марсіянін, ‑а, м.; марсіянка, ‑і, ДМ ‑янцы; мн. марсіянкі, ‑нак; ж.

Назва ўяўных жыхароў планеты Марс.

марсія́нін,

гл. марсіяне.

марсія́нка,

гл. марсіяне.

марсія́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Марса, марсіян. Марсіянскі ландшафт.

марскану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Абл.

1. Рэзка штурхнуць, адштурхнуць, адкінуць. Валодзя, доўга не думаючы, схапіў.. [Яніка] за кашулю і марскануў у гарох, які рос пры дарозе. Дайліда.

2. Ударыць, выцяць. Яўсей марскануў каня лейчынай па баку, нокнуў павышаным голасам, але той не наперад пайшоў, а падаўся назад. Пальчэўскі.

марскі́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да мора, уласцівы мору (у 1 знач.). Марское дно. Марская вада. □ Халодны полаг снегападу Укрыў марскія берагі. А. Александровіч. // Які бывае, адбываецца на моры. Марское плаванне. Марскі бой. // Які жыве або расце ў моры. Марскія водарасці.

2. Звязаны з плаваннем на моры. Марскі флот. // Звязаны з флотам. Марское вучылішча. Марскі шпіталь. // Прызначаны для маракоў. Марская куртка. Марская роба.

•••

Марская зорка гл. зорка.

Марская капуста гл. капуста.

Марская карова гл. карова.

Марская міля гл. міля.

Марская хвароба гл. хвароба.

Марскі вузел гл. вузел.

Марскі кот гл. кот.

Марскі леў гл. леў.

Марскі воўк гл. воўк.

марты́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Маленькая малпа з доўгімі заднімі нагамі, доўгім хвастом і вузканосай мордай.

марты́шчын, ‑а.

Які належыць мартышцы, уласцівы ёй.

•••

Мартышчына праца — пра марную, бескарысную працу.