Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ліставёртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Матыль, вусені якога жывуць у лісці раслін, скручваючы іх у трубачкі, камячкі.

ліставы́ 1, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да ліста ​1; у лістах. Ліставая салата. □ [Марцін] ачышчаў стол ад свайго тытуню, і крышанага і ліставога. Чорны. // Які мае лісце, пакрыты лісцем; лісцевы. Сасновы бор чаргуецца з дубровай, з бярозавым гаем, з грабавым лесам, з ліставымі змешанымі пералескамі. В. Вольскі. Лес, трыумфуючы па-свойму, Прыходу юных рады быў: Шумеў галлём узнёсла хвойны, А ліставы ў далоні біў. Калачынскі.

ліставы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Зроблены ў выглядзе ліста ​2 (у 1 знач.). Ліставое жалеза. Ліставая сталь.

лістае́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Невялікі жук-шкоднік, які корміцца лісцем і маладымі парасткамі.

ліста́ж, ‑у, м.

Аб’ём кнігі, брашуры і пад. у аркушах.

лістано́сец, ‑носца, м.

Тое, што і пісьманосец. Раптам — стук у дзверы. Падыходжу. Госць жаданы. Лістаносец. Дубоўка.

лістано́ша, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Пісьманосец. Я хацеў бы прайсці па дарогах вайны лістаношай І бацькам назаўсёды вярнуць іх дзяцей адрасы. Куляшоў.

лістапа́д, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑а. Адзінаццаты месяц каляндарнага года. Ужо ў пачатку лістапада станавіўся сухі холад, а пад сярэдзіну таго ж месяца нападаў змёрзлы і сцёрты ветрам на муку снег. Чорны.

2. ‑у. Ападанне лісця восенню (у цёплых краінах — перад наступленнем засухі); час гэтага ападання. Шуміць лістапад. Хвоі ў лесе панура рыпяць. Панчанка.

лістапа́даўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лістапада (у 1 знач.). Над вёскай, над сялом апускаецца ціхі лістападаўскі вечар, залоцячы прамёрзлыя шыбы акон. Лынькоў. // Які адбываецца ў лістападзе. Лістападаўскія падзеі.

лістапа́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лістападу (у 2 знач.). Восень Сыпле лісце на шлях. Пойдуць зноў непагоды Лістападнай парой. Прыходзька.

2. Якому ўласціва ападанне лісця. Лістападныя дрэвы.

лістападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд, форму ліста.