Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

марозатрыва́лы, ‑ая, ‑ае.

Які не траціць сваіх уласцівасцей ад марозу. Марозатрывалы бетон.

марозаўсто́йлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць марозаўстойлівага.

марозаўсто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

Здольны пераносіць моцны мароз. Марозаўстойлівая пшаніца.

маро́зік, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да мароз; невялікі, слабы мароз. Пасля невялікіх марозікаў зноў усталяваліся цёплыя, сонечныя дні. Ваданосаў.

маро́зіцца, ‑розіцца; незак.

Зал. да марозіць (у 1, 2 знач.).

маро́зіць, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; незак.

1. каго-што. Моцна ахалоджваць; прымушалі, мерзнуць, зябнуць. Вада марозіла рукі так, што аж дубянелі кончыкі пальцаў. «Звязда». // Нішчыць холадам, марозам. Марозіць прусакоў.

2. што. Замарожваць што‑н., каб захаваць надалей. Марозіць яблыкі.

3. безас. Пра марозную, халодную пагоду. Хоць снегу ўжо не было, але марозіла моцна. Асіпенка.

маро́злівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і марозны. Ясныя былі дні, і марозлівыя, і, як заўсёды ў тую восень, ціхія. Чорны.

маро́зна,

1. Прысл. да марозны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Холадна, моцны мароз. Куцця. Марозна. Хмурнавата. Сняжок падкідвае заўзята. Колас.

маро́знік, ‑у, м.

Расліна сямейства казяльцовых, якая цвіце ранняй вясной.

маро́зны, ‑ая, ‑ае.

1. З марозам, вельмі халодны. Марозны вецер. Марозная зіма. □ Сонечная марозная раніца іграла зайчыкамі на сценах пакоя. Гартны.

2. Звязаны з дзеяннем марозу. Раптам стук пачуўся ў хату з двара, з марознае імглы. Колас. Пад нагамі паскрыпвае свежы, марозны снег. Брыль.